У Расеі вынесьлі першыя прысуды за дэзэртырства падчас мабілізацыі

Расейскія рэзэрвісты

Расейскія суды пачалі выносіць прысуды паводле новых артыкулах аб дэзэртырстве і самавольным пакіданьні часткі падчас мабілізацыі і баявых дзеяньняў, паведамляе «Настоящее время».

Паводле гэтых артыкулаў ужо вынесьлі тры прысуды: адзін, за дэзэртырства, — у Мурманску, і два за самавольнае пакіданьне часткі — у Вялікім Ноўгарадзе і Салнечнагорску, піша «Мэдыязона».

14 сьнежня Мурманскі гарнізонны вайсковы суд вынес прысуд вайскоўцу Максіму Малышаву — яго вінавацілі ня толькі ў дэзэртырстве ў пэрыяд мабілізацыі, але і ў замаху на незаконнае перасячэньне мяжы. Тэкст прысуду, піша выданьне, на сайце суду не апублікаваны, а ў судзе адмовіліся паведаміць дэталі, спаслаўшыся на тое, што працэс адбываўся ў закрытым рэжыме.

7 сьнежня Салнечнагорскі гарнізонны вайсковы суд вынес вырак за самавольнае пакіданьне часткі вайскоўцу Аляксею Сазонаву. Яму, як паведаміў адвакат асуджанага, прызначылі чатыры гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арганізаваная злачыннасьць будзе дыктаваць абстаноўку ў краіне». Як вэрбаваньне зьняволеных на вайну мяняе крымінальную сытуацыю ў Расеі

Днём раней Вяліканоўгарадзкі гарнізонны вайсковы суд асудзіў вайскоўца Данілу Іванова на пяць гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна. Адвакат Іванова паведаміў «Мэдыязоне», што яго падабаронны самавольна пакінуў вайсковую частку ў Белгарадзкай вобласьці яшчэ ў канцы красавіка, а потым добраахвотна вярнуўся ў яе 26 верасьня, пасьля абвяшчэньня ў Расеі «частковай» мабілізацыі. Адвакат адмовіўся ўдакладняць, ці ўдзельнічаў Іваноў у баях ва Ўкраіне перад уцёкамі.

  • 24 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб узмацненьні пакараньняў за злачынствы ў пэрыяд мабілізацыі і ва ўмовах узброенага канфлікту, а таксама аб увядзеньні крымінальнага пакараньня за добраахвотную здачу ў палон і марадэрства.
  • Згодна з расейскім законам, у выпадку самавольнага пакіданьня часткі тэрмінам ад двух да 10 дзён парушальніку пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі (раней да 1 году); ад 10 дзён да аднаго месяца — да 7 гадоў пазбаўленьня волі (раней да 3 гадоў); больш за месяц — ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі (раней да 5 гадоў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радзіма цябе кіне, сынок. Заўсёды». Як уцякалі ад мабілізацыі раней і як уцякаюць цяпер
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: Расеі бракуе боепрыпасаў і жывой сілы для рэалізацыі апэратыўных плянаў ва Ўкраіне