Паток уцекачоў ці новы міграцыйны крызіс? Ратавальнікі Польшчы і Ўкраіны правялі супольныя вучэньні на Валыні

Група мігрантаў, затрыманая ўкріанскімі памежнікамі на мяжы зь Беларусьсю 25 лістапада 2022

У Валынскай вобласьці адбыліся супольныя польска-ўкраінскія вучэньні, на якіх ратавальнікі дзьвюх краін адпрацоўвалі дзеяньні на выпадак масавай канцэнтрацыі людзей каля ўкраінскай дзяржаўнай мяжы.

Як паведаміла Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны , у вучэньнях, апроч ратавальнікаў, удзельнічалі падразьдзелы ўкраінскіх памежнікаў, паліцыянтаў, супрацоўнікі міграцыйнай службы, мясцовыя ўлады і валянтэры.

«Ратавальнікі разьбілі намётавае мястэчка, у якім працаваў міжведамасны штаб, а таксама пункты кансультацыйнай мэдычнай і псыхалягічнай дапамогі, пункты адпачынку і абагрэву, намёт для прыёму ежы, гарачых напояў і пітной вады», – удакладнілі ў паведамленьні.

З польскага боку ў вучэньнях удзельнічаў кіроўны склад управы пажарнай службы Люблінскага ваяводзтва Польшчы. Яны паінфармавалі аб парадку наданьня дапамогі грамадзянам Украіны на тэрыторыі Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракетны напад Расеі на Ўкраіну 16 сьнежня: ёсьць ахвяры, мільёны людзей безь сьвятла і вады

14 сьнежня ўкраінскія памежнікі затрымалі групу незаконных мігрантаў з Ірану ў Валынскай вобласьці за 100 мэтраў ад лініі ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю і за 5 мэтраў да мяжы з Польшчай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія памежнікі затрымалі яшчэ адну групу мігрантаў, якія прыбылі зь Беларусі

Раней Цэнтар нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з украінскай выведкай, заявіў, што беларускія памежнікі наўмысна скіроўваюць уцекачоў з Ірану і Пакістану на ўкраінскія межы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве патлумачылі, чаму беларускія памежнікі накіроўваюць мігрантаў з Блізкага Ўсходу на мяжу з Украінай

15 сьнежня міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, міністар замежных справаў Дзьмітро Кулеба, а таксама галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй Валеры Залужны ў інтэрвію журналістам заявілі, што Расея рыхтуе новы маштабны наступ на Ўкраіну, які можа адбыцца неўзабаве пасьля Новага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея рыхтуе новы наступ на Ўкраіну? Былы афіцэр Генэральнага штабу УСУ: шанцы расейскага войска дабрацца да Кіева нязначныя

16 сьнежня ў выніку чарговай ракетнай атакі Расеі на Ўкраіну больш як 1 мільён украінскіх грамадзян засталіся безь сьвятла, вады і цяпла.