Ракетны напад Расеі на Ўкраіну 16 сьнежня: ёсьць ахвяры, мільёны людзей безь сьвятла і вады

Наступствы расейскага ракетнага нападу на аб’екты энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. 16 сьнежня

Расея выпусьціла па Ўкраіне 76 ракет з акваторыяў Чорнага і Касьпійскага мораў. Украінцы зьбілі 60 зь іх. Харкаўскую вобласьць расейцы атакавалі з ракетных комплексаў С-300, іх удалося зьбіць меней.

Раніцай 16 сьнежня Расея ўчыніла новую канцэнтраваную ракетную атаку на Ўкраіну. Найбольш ракет было нацэлена на Кіеў. Асабліва пацярпелі Харкаў і Харкаўская вобласьць.

Украінская СПА зьбіла 60 з 76 расейскіх ракет

Камандаваньне Паветраных сілаў Украіны паведаміла, што запускалі ракеты з акваторыяў Чорнага і Касьпійскага мораў, а таксама з Саратаўскай вобласьці — 72 крылатыя (Х-101, «Калибр», Х-22) і 4 кіраваныя авіяцыйныя (Х-59/Х-31П) ракеты.

У Генэральным штабе Ўкраіны зьвярнулі ўвагу на тое, што ўпершыню за апошнія тры тыдні Расея атакавала яшчэ і з аэрадрому ў Энгельсе Саратаўскай вобласьці, дзе базуюцца стратэгічныя бамбавікі-ракетаносьбіты Ту-95М. На гэтым аэрадроме ў пачатку сьнежня ад выбухаў пацярпелі два самалёты Ту-95. Адначасова ў паветранай прасторы Беларусі знаходзіўся самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня Іл-76 А-50У, які дапамагае ўдакладняць каардынаты цэляў, і зьнішчальнік МіГ-31К — носьбіт ракет «Кинжал».

Сілы і сродкі ўкраінскіх зэнітных ракетных войскаў і супрацьпаветранай абароны зьбілі 60 ракет. Што праўда, у некаторых раёнах рэшткі зьбітых ракет пашкодзілі прыватную маёмасьць.

У горадзе Бравары, што пад Кіевам, рэшткі зьбітай ракеты пашкодзілі дахі некалькіх прыватных будынкаў, а ў адным з раёнаў Кіева — аўтамабілі грамадзян.

Акурат на Кіеў была нацэленая пераважная частка ракет — 40, зь якіх тры дасягнулі цэляў. Хапіла і гэтай колькасьці, каб сталіца зноў засталася без вады. Улады паведамілі, што ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці пацярпелі два інфраструктурныя аб’екты. Па адным зь іх Расея ўдарыла трэці раз. Спыніла працу сталічнае мэтро.

Разбураны расейскай ракетай дом. Крывы Рог, 16 сьнежня 2022 г.

Найбольшыя разбурэньні і ахвяры — у Харкаўскай і Днепрапятроўскай вобласьцях

Мэр Харкава Ігар Церахаў заявіў, што абстрэлы 16 сьнежня сталі беспрэцэдэнтнымі.

«Ёсьць калясальныя інфраструктурныя разбурэньні, гэта найперш энэргетычная сыстэма. Нашы камунальныя службы разам з энэргетыкамі ўжо пачалі ліквідоўваць тое, што зрабіў вораг. Я прашу вас паставіцца зь цярплівасьцю да таго, што адбываецца. Я ведаю, што ў вашых дамах няма сьвятла, адсутнічае ацяпленьне, спынена падача вады. Прашу вас скарыстацца „пунктамі нязломнасьці“», — заявіў Ігар Церахаў.

Без электрычнасьці засталася і ўся Харкаўская вобласьць, якую расейцы атакавалі з ракетных комплексаў С-300. З 10 ракет удалося зьбіць толькі 2. Безь сьвятла, цяпла і вады засталіся 1,3 мільёна грамадзян.

У Купянску расейцы абстралялі цэнтральную гарадзкую лякарню — пацэлілі наўпрост у будынак аптэкі, пашкодзілі інфэкцыйнае аддзяленьне. Улады сьцьвярджаюць, што абышлося без ахвяраў.

У Днепрапятроўскай вобласьці, у Крывым Розе, загінулі прынамсі два чалавекі. Параненых восем, у тым ліку чацьвёра дзяцей. Ратаўнікі працягваюць разьбіраць завалы зруйнаванага пад’езду трохпавярховага жылога дому.

Адначасова ўлады пачалі падымаць на паверхню шахтароў — на момант удару пад зямлёй працавалі 597 чалавек.

Руйнаваньні энэргетычных аб'ектаў

На энэргетычным рынку абвясьцілі надзвычайную сытуацыю

Дзяржаўная кампанія «Укренерго» паведаміла, што Расея цэліла ў магістральныя сеткі і аб’екты генэрацыі энэргіі. У выніку абстрэлаў істотна павялічыўся дэфіцыт электраэнэргіі, і дагэтуль немалы ў выніку мінулых удараў.

«Найбольш пацярпелі паўночны, паўднёвы і цэнтральны рэгіёны. Там, дзе цяпер магчыма, рамонтныя брыгады ўжо ацэньваюць аб’ём пашкоджаньняў і пачынаюць рамонтна-аварыйныя працы», — паведамілі ў кампаніі.

Гэта ўжо дзявятая атака Расеі на энэргетычныя аб’екты Ўкраіны. Як паведамілі ў кампаніі «Укренерго», цяпер на аднаўленьне магутнасьцяў можа спатрэбіцца больш часу, чым раней.

Расейскі напад на аб'екты энэргетыкі Ўкраіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зноў атакавала ракетамі Ўкраіну. У Крывым Рогу загінулі людзі. ФОТА

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.