Пра гэта паведамляе фонд «Краіна для жыцьця».
Цяпер Надзея на Акрэсьціна, прычыны затрыманьня невядомыя. Перадачу для яе не прынялі.
Астапчук падпісала ліст беларускіх спартоўцаў «За сумленныя выбары і супраць гвалту», адкрыта асуджала рэжым Лукашэнкі і вайну ва Ўкраіне.
«Тое, што людзі ў ХХІ стагодзьдзі за свае выказваньні баяцца вярнуцца на радзіму, сьведчыць пра адно: сытуацыя ў дзяржаве агулам і ў спорце ў прыватнасьці нездаровая, — так яна камэнтавала сытуацыю зь невяртаньнем спрынтэркі Крысьціны Ціманоўскай у Беларусь з Алімпіяды ў Токіё ў 2021 годзе. — І не зважаць на гэта ўжо ня ўдасца. Што да мэтадаў застрашваньня, пагрозаў, ультыматумаў, зноў жа, у нас трэнэрска-адміністратарскі склад у бальшыні сваёй перакачаваў з савецкіх часоў, таму бяздумна рэтрансьлюе рыторыку, якая ліецца з афіцыйных каналаў. Уласнай пазыцыі ў гэтых людзей папросту няма».
Раней Астапчук прадала з аўкцыёну за 11 100 даляраў залаты мэдаль чэмпіянату Эўропы 2005 году. Грошы былі накіраваныя ў падтрымку іншых спартоўцаў і палітвязьняў, якія пацярпелі пасьля выбараў-2020.
- Надзея Астапчук — беларуская штурхальца ядра. Чэмпіёнка Эўропы 2005 году (у зачыненых памяшканьнях), срэбраная прызэрка чэмпіянатаў сьвету 2001, 2003 (у зачыненых памяшканьнях) і 2003 (на паветры). Атрымала перамогу ў Алімпійскіх гульнях 2012 году, але пазьней была пазбаўленая залатога мэдаля з прычыны допінгавай дыскваліфікацыі.
- 30 верасьня ў Менску быў затрыманы і арыштаваны паводле арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») былы брамнік футбольнай зборнай Беларусі, трэнэр Васіль Хамутоўскі. Яму паставілі ў закід рэпост паведамленьня з тэлеграм-каналу, прызнанага «экстрэмісцкім». Пра вызваленьне Хамутоўскага не паведамлялі.
- У 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту праз затрыманьні і суды з адміністрацыйнымі артыкуламі прайшлі многія беларускія спартоўцы — сярод іх баскетбалісты Алена Леўчанка і Ягор Мешчаракоў, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, гандбольны трэнэр Канстанцін Якаўлеў, кікбаксэр Іван Ганін.
- У 2021 годзе на 90 базавых велічыняў (на той момант 2 610 рублёў) паводле арт. 24.23 КаАП («парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў») аштрафаваная чэмпіёнка сьвету ў фрыстайле Аляксандра Раманоўская.
- За кратамі з палітычных матываў дагэтуль застаюцца баец ММА Аляксей Кудзін, футбаліст і спартовы журналіст Аляксандар Івулін, іншыя прадстаўнікі беларускага спорту.