Генштаб Украіны: Расея нарошчвае ў Беларусі магчымасьці для нанясеньня авіяўдараў па Ўкраіне

Аляксей Громаў

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў заявіў, што Расея з сярэдзіны кастрычніка нарошчвае сваю вайсковую прысутнасьць у Беларусі.

«На гэтым тыдні супраціўнік перакінуў на аэрадром „Мачулішчы“ тры самалёты МіГ 31К, якія зьяўляюцца носьбітамі гіпэргукавых ракет „Кінжал“, а таксама самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А50У. Гэта найперш сьведчыць аб нарошчваньні магчымасьці агрэсара наносіць авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны», — сказаў Аляксей Громаў 15 сьнежня на брыфінгу ў Кіеве.

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны таксама назваў яшчэ некалькі фактаў, якія, паводле яго, могуць быць крокамі ў рамках падрыхтоўкі да ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

У прыватнасьці, Аляксей Громаў зьвярнуў увагу на тое, што Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі да 1 сакавіка 2023 году прадоўжыў абмежаваньне на ўезд і знаходжаньне грамадзян у памежнай паласе ў рэгіёнах Гомельскай вобласьці, якія мяжуюць зь Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцямі.

«Паводле наяўных зьвестак, у памежных раёнах Берасьцейскай вобласьці адбываўся працэс агітацыі ўступу добраахвотнікаў у шэрагі падразьдзелаў тэрытарыяльнай абароны. У часе правядзеньня суразомоўяў даводзяць, што ў выпадку ўвядзеньня ваеннага становішча ў краіне, ім выдадуць зброю і амуніцыю, а іхнай асноўнай задачай будзе ахова і абарона грамад», — паведаміў Аляксей Громаў.

Прадстаўнік Генштабу Ўкраіны таксама згадаў аб ухваленьні ў Беларусі закону аб сьмяротным пакараньні вайскоўцаў за дзяржаўную здраду.

«Ня выключана, што такія дзеяньні рэжыму Лукашэнкі зьяўляюцца адным з крокаў у рамках падрыхтоўкі да ўдзелу ў вайне супраць Украіны», — мяркуе намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў.

У той жа час ён адзначыў, што выведка пакуль не назірае фармаваньня ўдарных груповак, якія могуць быць задзеяныя для новага наступу на Ўкраіну.

Вайсковая выведка Вялікай Брытаніі 15 сьнежня заявіла, што цяпер беларускія і расейскія войскі ня здольны правесьці новы штурм на поўначы Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанская выведка ацаніла раптоўную праверку баявой гатоўнасьці беларускіх войскаў

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны неаднарозава паведамляў аб малаімавернасьці далучэньня беларускай арміі да расейскай вайны ва Ўкраіне, а раптоўная праверка баявой здольнасьці ў Беларусі не зьяўляецца прыкметай падрыхтоўкі нападу на Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ISW: раптоўная праверка баяздольнасьці ў Беларусі не зьяўляецца прыкметай падрыхтоўкі нападу на Ўкраіну