Сьцісла:
- Часы, калі МЗС Беларусі прымаў рашэньні, рабіў палітыку, даўно прайшлі.
- Макей ня быў архітэктарам лініі на збліжэньне з Захадам. Ён быў яе тварам, але не архітэктарам.
- Адсутнасьць новых санкцыяў — сьведчаньне гатоўнасьці не абвастраць сытуацыю ў беларуска-заходніх адносінах.
- Захад не гатовы да зьмены рэжыму ў Беларусі — у яго няма стратэгіі.
- Толькі таму, што Крамлю ня выгадна мяняць Лукашэнку, яго і не мяняюць.
- Прамыя кантакты, якія ідуць паміж Масквой і прадстаўнікамі беларускай бюракратыі, у абыход Лукашэнкі — гэта ўжо не сакрэт.
— Як бы вы ацанілі прызначэньне на пасаду міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Алейніка — чалавека з заходняй адукацыяй (закончыў дыпляматычную акадэмію ў Вене), які ня вызначыўся ніякімі антызаходнімі выказваньнямі, нават за апошнія два гады?
— Людзі ўжо пасьпяшаліся сказаць: не прызначылі сілавіка — і гэта ўжо, маўляў, добра. Аднак зразумела, што прызначаць чалавека, які працаваў першым намесьнікам міністра, ведае прафэсійную кухню, гэта больш лягічнае рашэньне. Пасыл гэтага рашэньня ў тым, каб працягнулася папярэдняя лінія, каб не было ніякіх рэзкіх рухаў.
А гэтая папярэдняя лінія, між іншым, — гэта лінія на далейшае падпарадкаваньне беларускай замежнай палітыкі расейскай пры адначасовым закідваньні вудаў на Захад, каб высьветліць, ці не сасьпеў ён для нейкіх кантактаў зь Менскам.
І калі гаварыць пра пераемнасьць беларускай замежнай палітыкі, то абавязкова варта адзначыць, што галоўны яе архітэктар — гэта Аляксандар Лукашэнка. Я заўсёды прытрымліваўся таго пункту гледжаньня, што Макей ня быў архітэктарам лініі на збліжэньне з Захадам. Ён быў яе тварам, але ня быў яе архітэктарам. Так і цяперашні міністар будзе выконваць волю палітычнага кіраўніцтва. Часы, калі МЗС Беларусі прымаў рашэньні, рабіў палітыку — даўно прайшлі. І ў Беларусі, і ў Расеі МЗС зьяўляюцца выканаўцамі, праваднікамі лініі, якая распрацоўваецца ў іншых кабінэтах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і іншыя краіны АДКБ ня будуць ваяваць за Расею ва Ўкраіне, — меркаваньне экспэрта— Вы сказалі, што Менск будзе працягваць «закідваць вуды» наконт таго, ці гатовы Захад «наводзіць масты» з цяперашнім рэжымам. Дык ці гатовы на гэта Захад?
— Нейкіх выразных сыгналаў на гэты конт няма, і было б дзіўна іх чакаць. Захад глядзіць на тое, якое рашэньне будзе прынятае ў Менску наконт удзелу беларускіх узброеных сілаў у вайне Расеі супраць Украіны. Ці будзе выкарыстаная беларуская тэрыторыя.
Калі гэтага не адбудзецца, тады магчыма, могуць пачацца нейкія тэхнічныя кансультацыі. Зусім нядаўна ў Эўропе прымалі новы пакет санкцыяў супраць Расеі — супраць Беларусі санкцыі не былі ўзмоцнены. Гэта сыгнал і ўладзе, і беларускаму грамадзтву — што Беларусь і Расея не знаходзяцца ў вачах Захаду на адной дошцы.
Сытуацыя знаходзіцца ў пэўным падвешаным стане. Тое, што санкцыі супраць Беларусі не ўзмацняюцца — гэта, безумоўна, пэўнае сьведчаньне гатоўнасьці не абвастраць сытуацыю ў беларуска-заходніх адносінах. Але гэта не значыць, што ўжо можа пачацца нейкі дыялёг.
Другі блёк пытаньняў — палітычныя зьняволеныя. Заходняя грамадзкая думка зараз не ўспрыме нават тое, што магло ўспрыняць 2 гады таму, калі рабіліся спробы наладзіць нейкія размовы зь Менскам. Сёньня ад рэжыму спатрэбяцца сур’ёзныя аднабаковыя крокі па вызваленьні значнай часткі палітзьняволеных, каб заходняя грамадзкая думка пагадзілася на тое, каб дыпляматы пачалі размаўляць зь менскім рэжымам. Пытаньне аб гандлі асобнымі палітзьняволенымі не спрацуе, будзе патрабавацца вызваленьне большай часткі палітзьняволеных, магчыма нават, з пастаноўкай пытаньня аб рэабілітацыі часткі зь іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паведаміў, што Расея дае Беларусі 1,5 мільярды даляраў— Але на дадзены момант выглядае дастаткова фантастычным варыянтам, Лукашэнка на гэта не пойдзе.
— Я згодны, я проста зьвяртаю ўвагу на тое, як адрозьніваецца сытуацыя сёньня ад сытуацыі 2014 году, калі пачыналася перазагрузка і «нармалізацыя адносінаў з Захадам». Тады грамадзкая думка на Захадзе была значна ў меншай ступені ўцягнутая ў тое, што адбываецца ў постсавецкіх краінах, і заходняя дыпляматыя была больш свабодная ў сваіх дзеяньнях — як тых, якія мы ацэнім станоўчымі, так і ў адмоўных. Калі сёньня нехта з дыпляматаў раптам скажа «Давайце перагорнем старонку», грамадзкая думка ў многіх краінах Эўропы гэта не ўспрыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка робіць для Масквы ўсё, што ад яго патрабуюць, — аналітык Аркадзь Мошэс— Вы кажаце, што шмат залежыць ад таго, ці прыме беларуская армія ўдзел у вайне Расеі супраць Украіны. Калі беларускі рэжым зноў толькі прадаставіць тэрыторыю, але сваіх войскаў ня будзе пасылаць, то захаваецца цяперашні статус-кво?
— Мне падаецца, статус-кво ў такім варыянце ня будзе. І мінулы раз, за даваньне беларускай тэрыторыі для нападу на Ўкраіну ў лютым Менску не даравалі, увялі даволі сур’ёзныя санкцыі. І цяпер, калі гэта паўторыцца, зноў будуць жорсткія эканамічныя санкцыі.
А вось калі беларускае войска возьме ўдзел у такім уварваньні, то Захаду давядзецца рэагаваць ужо зусім па-іншаму. Непасрэдны ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне, іхная параза ва Ўкраіне, іхныя вялікія чалавечыя страты прывядуць да крызісу ўнутры самой Беларусі. А тады спатрэбіцца зусім іншая рэакцыя, якая ня будзе абмяжоўвацца заявамі і санкцыямі. Спатрэбіцца выпрацоўваньне стаўленьня да зьмены рэжыму ў Беларусі.
І я ня буду казаць, што Захад да гэтага гатовы: Захад да гэтага не гатовы. Захад ня мае стратэгіі, ня мае стратэгічнага бачаньня, што рабіць, калі зьмена рэжыму стане патэнцыйна магчымай. Але яму прыйдзецца вырашаць, што ён можа прапанаваць новай беларускай уладзе. Гэта даволі складаная задача, але гэта давядзецца рабіць. Такая сытуацыя можа стварыцца і вельмі актыўна мяняцца нават за лічаныя дні і тыдні — у выпадку, калі беларускія войскі атакуюць Украіну.
І я ўсё ж думаю, што гэтага не адбудзецца. З той простай прычыны, што Лукашэнка разумее ўсе наступствы. Я думаю, і Пуцін гэта разумее.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці паставіць Расея ядзерныя ракеты ў Беларусі ў адказ на ўступленьне Фінляндыі ў NATO? Ацэнка фінскага палітоляга— Але ці патрэбен цяперашняму менскаму рэжыму Захад? На фоне таго, што яны робяць у краіне, на фоне рэпрэсіяў, спробаў пабудаваць нейкае новае грамадзтва, з новымі паслухмянымі людзьмі, пачынаючы ад адукацыі, неяк не выглядае, што Лукашэнку турбуе нэгатыўнае стаўленьне Захаду да гэтага. Можа, сёньня ўжо геапалітычны шпагат не патрэбен?
— Захад яму патрэбен і быў патрэбен усе 28 гадоў знаходжаньня ва ўладзе. Зараз Лукашэнка цалкам плыве па волі Пуціна. Толькі таму, што Крамлю ня выгадна мяняць Лукашэнку, яго і не мяняюць. Але гэта надта хісткі падмурак для ўлады. Расейскі ўплыў увесь час павялічваецца.
Тое, за што ў 2019 годзе выціскалі са скандалам амбасадара Расеі Бабіча, сёньня даводзіцца трываць. Прамыя кантакты, якія ідуць паміж Масквой і прадстаўнікамі беларускай бюракратыі, у абыход Лукашэнкі — гэта ўжо не сакрэт. Раней гэтага ніколі не было.
Другое. Знаходжаньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі без усялякай прававой базы, безь якіх-небудзь пагадненьняў. Яны прыходзяць на тэрыторыю Беларусі проста таму, што так хочуць.
Лукашэнка разумее, што ён больш не кантралюе сытуацыю ў краіне на сто працэнтаў. Прадстаўнікі суседняй дзяржавы зьелі ўжо частку пірага ягонай улады. Кантакты з Захадам дапамаглі б гэта збалянсаваць. Але ён сам выкапаў сабе яму, і сёньня такой магчымасьці ў Лукашэнкі ўжо няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка спрабуе зноў сесьці на таго ж коніка, што ў 2008 і 2014 годзе. Але зараз не атрымаецца», — аналітык Аркадзь Мошэс— Дык што тады рабіць Захаду? Спакойна назіраць тое, як у Беларусь прыходзіць Расея? Ці «працягваць руку» Лукашэнку, спрыяючы таму, каб ён гэтаму супраціўляўся?
— Ёсьць іншы варыянт. Ён зьвязаны з тым, каб дакладна зафіксаваць у публічна прававой і дыпляматычнай сфэры, што спробы фармальнай ці нефармальнай анэксіі Беларусі, спробы падрыву яе сувэрэнітэту будуць для Захаду настолькі ж непрымальныя, як спробы падрыву сувэрэнітэту Ўкраіны. Але ў Захаду няма стратэгіі, ён пераважна рэагуе, нярэдка слаба і запозьнена.
Зыходзіць трэба з задачы абароны беларускай незалежнасьці, а не зь неабходнасьці падтрымкі Лукашэнкі толькі таму, што часам ён можа сказаць нешта, што раздражняе Пуціна.
Я прывяду наступны прыклад. Калі пачалася дыскусія наконт прымяненьня Расеяй ядзернай зброі ва Ўкраіне, мы пабачылі, якія сыгналы Захад даў Крамлю, якія дыпляматычныя перамовы вяліся з Кітаем. У выніку Расея гэтую тэму згарнула. Абсалютна то самае можна прадэманстраваць у пытаньні незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Мне нават здаецца, што разуменьне з Кітаем тут будзе знайсьці нават прасьцей, чым у пытаньні ядзернай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Фінляндыі