Сэйм Польшчы прызнаў Расею дзяржавай-спонсарам тэрарызму

Сэйм Польшчы

Расейскую агрэсію асудзілі ў Варшаве і прынялі рэзалюцыю. Такім чынам Польшча працягнула падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Сэйм Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні Расеі дзяржавай, якая падтрымлівае тэрарызм, паведамляе агенцтва PAP.

226 дэпутатаў ад апазыцыі не прымалі ўдзелу ў галасаваньні праз тое, што кіроўная партыя ПіС, а менавіта кіраўнік падкамісіі па расьсьледаваньні авіякатастрофы пад Смаленскам і былы міністар абароны Антоні Мацярэвіч уставіў у галасаваньне папраўку, якая вызначае Расею як вінаваты бок у замаху на прэзыдэнта Леха Качыньскага. Раней, аднак, стала вядома, што ўлады хавалі доказы, якія супярэчылі гэтай тэорыі, таму апазыцыя выступіла супраць і ня ўзяла ўдзелу ў галасаваньні, хаця лявіца сама была ініцыятарам прызнаньня Расеі спонсарам тэрарызму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандал у Польшчы: Улады схавалі доказы, якія супярэчаць тэорыі пра замах на прэзыдэнцкі самалёт

У галасаваньні, такім чынам, бралі ўдзел дэпутаты «Права і справядлівасьці», якія аддалі 231 голас за рэзалюцыю.

Адметна, што ў Сэнаце большасьць належыць апазыцыйным да цяперашняй улады сілам.

Як адзначаецца ў дакумэнце, расейская агрэсія супраць Украіны зьяўляецца «грубым парушэньнем» забароны Статуту ААН на прымяненьне сілы, а таксама «парушэньнем сувэрэнітэту, палітычнай незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

Дэпутаты Сэйму лічаць, што Расейская Фэдэрацыя павінна быць ізаляваная на міжнароднай арэне.

«Расейскія вайскоўцы зьдзяйсьняюць напады па ўсёй захопленай тэрыторыі, у выніку якіх загінулі тысячы людзей, у тым ліку шмат дзяцей. Расейская Фэдэрацыя і падпарадкаваныя ёй структуры і ўзброеныя фармаваньні ажыцьцяўляюць акты тэрору супраць цывільнай інфраструктуры, пакараньня без суду і сьледзтва і выкраданьня людзей, сэксуальны гвалт і катаваньні, вырываньне дзяцей зь сем’яў з мэтай іх русыфікацыі, масавыя дэпартацыі насельніцтва, прымусовы прызыў грамадзян Украіны ў расейскія ўзброеныя сілы і рабаваньне маёмасьці. Расея неаднаразова парушала Жэнэўскую канвэнцыю аб абыходжаньні з палоннымі», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З вольнай Беларусьсю ў нас ня будзе муру на мяжы». Былы і цяперашні прэзыдэнты Польшчы сустрэліся зь Ціханоўскай і беларусамі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.