У заяве арганізацыі гаворыцца, што спартоўцы з Расеі і Беларусі «ня ёсьць салдатамі або часткай ураду», а таму ня маюць дачыненьня да вайны ва Ўкраіне.
Аднак кожны спартовец, які выказваецца ў падтрымку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ці прымае ў ім удзел, будзе зараз жа адхілены, адзначаецца ў дакумэнце.
Рашэньне аднавіць расейскіх і беларускіх баксэраў прынята пасьля працяглага абмеркаваньня на пасяджэньні асацыяцыі ў Арланда 11 сьнежня.
13 снежня расеец Дзьмітрый Бівал быў прызнаны найлепшым баксэрам году ў вэрсіі WBA.
Пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны Сусьветная баксэрская асацыяцыя, а таксама Міжнародная баксэрская фэдэрацыя (IBF), Сусьветная баксэрская арганізацыя (WBO) і Сусьветная баксэрская рада (WBC) адмовіліся прызнаваць і зацьвярджаць турніры і паядынкі ў Расеі праз канфлікт ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх і расейскіх баксэраў-прафэсіяналаў выключылі з рэйтынгаў праз вайну ва ЎкраінеМіжнародная асацыяцыя боксу (IBA) забараніла спартоўцам з Расеі ўдзельнічаць у міжнародных турнірах пад сваёй эгідай. Тады ж WBA заявіла, што расейскія і беларускія байцы будуць выключаныя з рэйтынгавых сьпісаў, аднак дзейныя чэмпіёны сьвету або асобных рэгіёнаў захаваюць свой статус.
Расея пачала поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны 24 лютага 2022 году. У адказ на гэта большасьць міжнародных спартовых фэдэрацыяў згарнулі сваю дзейнасьць у Расеі. Яны наклалі забарону на ўдзел спартоўцаў з Расеі, а часам таксама зь Беларусі, у спаборніцтвах пад іх эгідай.
9 сьнежня Міжнародны алімпійскі камітэт на саміце ў Лязане пакінуў у сіле санкцыі, накладзеныя на Расею і Беларусь пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. У дэклярацыі МАК гаворыцца, што ўлады Расеі і Беларусі сваімі дзеяньнямі ва Ўкраіне парушылі ў тым ліку і Алімпійскую хартыю, таму гэтыя краіны не павінны быць прадстаўленыя на міжнародных спаборніцтвах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт падоўжыў санкцыі супраць Расеі і Беларусі за вайну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі баксэр Усік стаў новым чэмпіёнам сьвету