Як адзначаецца ў матэрыялах крымінальнай справы, Максім Зязюльчык служыў у падразьдзеле «Вэтэраны» кулямётнікам-рэтрансьлятарам з 21 ліпеня. Да 25 жніўня ён знаходзіўся на пазыцыях сілаў Расейскай Фэдэрацыі ў акупаваным горадзе Ізюм Харкаўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі, што ўзялі ў палон грамадзяніна Беларусі, які ваяваў на баку РасеіБатальён «Вэтэраны» — падразьдзел прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут», якая спачатку ня ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях, а выконвала функцыю аховы аб’ектаў.
Максім Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснапольля ў Данецкай вобласьці. У час баёў за пазыцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дысьлякацыі «Рэдуту» ў Ізюме Харкаўскай вобласьці.
25 жніўня ў складзе батальёну «Вэтэраны» яго перакінулі на пазыцыі каля Сватавага ў Луганскай вобласьці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазьней расейцы перакінулі гэты падразьдзел у Ліманскі раён Данецкай вобласьці.
Урэшце 19 верасьня Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кіеўскі суд перадалі справу палоннага беларуса, які ваяваў на баку РасеіПакуль невядома, у якім судзе будзе разглядацца ягоная справа. Кіеўскі суд вырашыў, што ня можа разглядаць справу беларуса, бо ён учыніў злачынства на іншай адміністрацыйнай тэрыторыі.
Неўзабаве Кіеўскі апэляцыйны суд вызначыць, у каторы суд будзе перададзена справа беларуса. Як стала вядома Свабодзе, магчыма, ягоную справу будзе разглядаць адзін з судоў Данецкай вобласьці.
У чым абвінавачваюць
Максіма Зязюльчыка абвінавачваюць паводле ч. 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях).
Гэта караецца пазбаўленьнем волі ад пяці да 10 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі, што ўзялі ў палон яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі ў кампаніі «Вагнэр»