«Leleka» —— дабрачынны праект (лелека па-ўкраінску бусел. — РС). На адмысловай плятформе можна набыць малюнкі дзетак з Украіны, падтрымаць іх саміх і іхныя сем’і. Заснавальніца і афіцыйная дырэктарка Аляксандра Ламачэнка кажа, што плятформу пачалі ствараць яшчэ ў сакавіку, але праз праблемы з платнымі сэрвісамі змаглі запусьціць толькі ў чэрвені.
«Мы бачылі ўсе жахі, якія адбываюцца, дзяцей, якія пакутуюць і ня могуць паўплываць на сытуацыю. Яны, адрозна ад дарослых, якія могуць валянтэрыць, дапамагаць ВСУ, — толькі назіральнікі ўсяго жаху. І нам было вельмі важна пабудаваць плятформу менавіта для дзяцей», — кажа Аляксандра.
За гэты час для праекту прыслалі каля 16 тысяч малюнкаў, зь якіх апублікавана ўжо 12 тысяч.
«Мы часова закрылі форму для прыёму новых карцін, каб разабраць тое, што назьбіралася. Карціны, якія нам шлюць, — гэта фатаздымкі малюнку на стале, дыване, сьцяне або здымак дзіцяці, якое трымае малюнак, — тлумачыць Аляксандра. — У нас больш за 20 валянтэраў-дызайнэраў, якія апрацоўваюць карціны, гэта вельмі пэдантычная праца».
Агулам для дзяцей з Украіны з продажу іх малюнкаў беларусы змаглі сабраць 18 тысяч эўра.
«Дзецям не настолькі важна, колькі грошай — 20 або 200 эўра, ім важны сам факт, што яны зрабілі нешта. І гэтае „нешта“ зацікавіла людзей у сьвеце, дзяцей падтрымалі, купіўшы іх карціны. Гэтыя грошы дзеці могуць выкарыстоўваць на сябе, на сваю сям’ю, вельмі многія дзеткі ахвяруюць ВСУ або Харкаўскаму заапарку, напрыклад».
«Дзеці падыходзяць да справы вельмі сур’ёзна»
Аляксандра кажа, што праект «Leleka» важны і для бацькоў.
«Мы жартуем, што з усімі анёламі-ахоўнікамі, якіх нам пажадалі, ужо можам лётаць без самалётаў, — усьміхаецца Аляксандра. — Бацькі вельмі моцна падтрымліваюць дзяцей. Яны пішуць нам, як важна, што хтосьці, акрамя іх, падтрымлівае іхнае дзіця ў гэты час. Бо ты як бацька ці маці спрабуеш абараніць сваё дзіця, але табе не ўдаецца гэта зрабіць, ты выдыхаесься, ня ведаеш, як растлумачыць дзіцяці ўвесь жах, які адбываецца навокал. І зьяўляецца такая дадатковая дапамога, дзе бацькі могуць сказаць: „Ня толькі мы цябе падтрымліваем, але яшчэ і сьвет цябе падтрымлівае“. У нейкай ступені гэта дапамога ня толькі дзецям, але і бацькам».
Цяпер на плятформе выстаўленыя малюнкі каля 5 тысяч дзяцей.
«Каля 75–85 адсоткаў семʼяў знаходзяцца цяпер ва Ўкраіне. Найменшаму мастаку ў нас 8 месяцаў, — усьміхаецца Аляксандра. — Там малюнак зь некалькімі палоскамі, але вельмі замілоўвае, што бацькі скарысталіся магчымасьцю і паслалі нам карціну. Ёсьць большыя, дарослыя, якім па 17 гадоў. Часта па карцінах відаць, што дзеці займаліся ў мастацкай школе і падыходзяць да справы вельмі сурʼёзна».
«Набываюць людзі, якія бліжэй за ўсё да вайны»
Купляюць карціны пакупнікі з усяго сьвету, кажа арганізатарка праекту.
«Мы цяпер ў Вялікай Брытаніі, мы брытанская кампанія фактычна. А набываюць з Францыі, Нямеччыны, Італіі, Гішпаніі, ЗША. Але мы бачым, што большасьць пакупнікоў — у Літве, Польшчы. Шмат пакупнікоў з Украіны, свае падтрымліваюць сваіх. Значыць, купляюць пераважна людзі, якія бліжэй за ўсё да вайны, якія лепш за ўсіх разумеюць боль дзяцей і чаму важна падтрымліваць іх у гэты пэрыяд», — апавядае Аляксандра.
Дзіцячыя малюнкі набываюць і цэлыя кампаніі, якія адразу купляюць шмат карцін.
«Яны выкарыстоўваюць іх для друку паштовак, падарункаў сваім партнэрам і кліентам. Яны гэта робяць, каб паказаць, што іх кампанія далучаная, падтрымлівае сацыяльныя праекты. Мы гэта вельмі цэнім, бо адной транзакцыяй кампанія можа дапамагчы двумстам дзецям, і гэта выдатна».
«Бацькі радуюцца, дзякуюць за магчымасьць паказаць працы іхных дзяцей многім людзям»
Пару тыдняў таму праект «Leleka» зрабіў набор паштовак на Новы год і Каляды.
«Мы зьбіраемся зрабіць паштоўкі на дзень сьвятога Валянціна, на Вялікдзень, дзень народзінаў. Здавалася б, многія малюнкі, што нам дасылаюць дзеці, павінны быць пра пакуты, пра вайну. Але цікава, што пераважная большасьць зь іх пра жыцьцё: радасьць, успаміны пра Новы год, пра любімых свойскіх жывёл, закаханасьць, пра торт на дзень народзінаў, прыроду, бабулін дом. Гэта такія сьвежыя, яркія, жыцьцярадасныя карціны».
Аляксандра прызнаецца, што ў камандзе ўсё адно вельмі перажывалі, што будуць выкарыстоўваць творы дзяцей, якія малююць падчас такой трагедыі, для сьвятаў.
«Але мы атрымалі водгукі ад семʼяў, як яны радуюцца. Бацькі згаджаюцца, дзякуюць за магчымасьць паказаць працы іхных дзяцей многім людзям і, натуральна, дапамагчы дзецям зарабіць грошы, адчуць сябе значнымі. Гэта сыгнал для нас, што мы рухаемся ў правільным кірунку».
Праект «Leleka» цалкам дабрачынны, у ім працуюць валянтэры. Цяпер каманда спрабуе знайсьці спосабы падтрыманьня плятформы, каб пастаянна ішлі продажы зь мінімальным залучэньнем валянтэраў.
«Мы кажам пра плятформу для дзяцей, для будучыні. Паштоўкі мы друкуем у вельмі лякальным друкавальным цэнтры ў Вялікай Брытаніі, на паперы, якая цалкам перапрацоўваецца. Нам важна, што калі мы дапамагаем дзецям, мы ўкладаемся ў будучыню не толькі грашыма, але і нейкімі ўстойлівымі практыкамі — мы не забруджваем будучыню, якую пакідаем дзецям».
Каманда плянуе распрацаваць прадукты зь дзіцячымі карцінамі, якімі б людзі карысталіся.
«У нас нараджаюцца досыць цікавыя ідэі, якія мы яшчэ дасьледуем. У супрацы з мастакамі, брэндамі моды. Разьбіраемся, як выпускаць лініі прадуктаў, каб дзіцячыя малюнкі былі на ўжо існых і вельмі якасных прадуктах, а не стваралі новыя і няўстойлівыя».
Цяпер для каманды праекту важна заахвоціць кампаніі купляць карціны, бо так можна падтрымаць больш дзяцей ва Ўкраіне, кажа Аляксандра.
«З кожнай пакупкай адно дзіця робіцца шчасьлівым. Мурашкі на скуры, калі ўявіш чатыры з паловай тысячы дзяцей, якія стаяць перад табой. Таму найбольшая дапамога цяпер — каб кампаніі, якія даведаюцца пра „Leleka“, зьвязаліся з намі і разгледзелі магчымасьць купіць шмат дзіцячых карцін адначасова. Каб з адной транзакцыі, для кампаніі нязначнай, некалькі соцень, а, магчыма і тысяч дзяцей змаглі зарабіць невялікія грошы і адчуць сваю значнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэлефануюць зь Міністэрства культуры і кажуць: „Гэтага трэба зьняць і гэтага“». У якіх умовах працуюць беларускія мастакі