У раскладзе Менскага абласнога суду зьявілася інфармацыя, што 14 сьнежня пачалі разглядаць справу палітзьняволенага вайсковага экспэрта Ягора Лебядка. Судовы працэс вядзе судзьдзя Алена Місьнік.
Абвінавачанне Лебядку выставілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок у красавіку і траўні 2022 году нібыта дзеля «забесьпячэньня дзейнасьці публічнага дэструкцыйнага каналу, інфармацыйную прадукцыю якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрвію прадстаўніку названага каналу на тэму правядзеньня ўзброенымі сіламі РФ спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны і ролі ў ёй Беларусі».
Раней паведамлялі, што ідзецца пра інтэрвію «Еўрарадыё».
Хто такі Ягор Лебядок
Ягор Лебядок — вядомы ў Беларусі незалежны вайсковы экспэрт. Апошнім часам ён аналізаваў пагрозы для Беларусі ў кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны і прагназаваў, у якім выпадку рэжым Лукашэнкі можа ўцягнуць у вайну беларускія войскі.
Падчас затрыманьня 12 ліпеня ў Лебядка быў ператрус, у яго сканфіскавалі мабільны тэлефон і сыстэмны блёк кампутара.
16 жніўня Ягора Лебядка прызналі палітычным вязьнем.
Пазьней яму выставілі абвінавачаньне ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У суд накіравалі справу за інтэрвію «экстрэмісцкаму» каналу. Пэўна, ідзецца пра вайсковага экспэрта Лебядка