Беларускую і расейскую чыгункі адхілілі ад удзелу ў Міжнародным зьвязе чыгунак

Ілюстрацыйнае фота

Генэральная асамблея Міжнароднага зьвязу чыгунак (МЗЧ) ратыфікавала рашэньне аб прыпыненьні сяброўства Беларускай чыгункі і «Российских железных дорог» у гэтай арганізацыі.

Гэта адбылося пасьля звароту «Ўкраінскіх чыгунак» у сакавіку 2022 году з патрабаваньнем прыпыніць удзел чыгуначных арганізацыяў Расеі і Беларусі.

Нягледзячы на тое, што Расея для арганізацыі важны спонсар, і нягледзячы на значны ціск прадстаўнікоў Кітаю, Індыі, Манголіі, Ірану, Армэніі і Казахстану, рашэньне прыпыніць сяброўства прынялі: «за» прагаласавалі 72% удзельнікаў МЗЧ, паведаміў кіраўнік праўленьня «Укрзалізниці» Аляксандар Камышын.

Прыняцьце гэтага рашэньня было б немагчымым без дапамогі міжнародных партнэраў — чыгунак Азіі, Эўропы і Амэрыкі, якія пацьвердзілі абяцаньні даць уласную экспэртызу і дапамогу кампаніі «Укрзалізниця» ў пасьляваенным аднаўленьні інфраструктуры.

Міжнародны зьвяз чыгунак (Union internationale des chemins de fer) — сусьветная асацыяцыя гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж асноўнымі суб’ектамі міжнароднага чыгуначнага сэктару. Зьвяз заснаваны ў 1922 годзе, штаб-кватэра ў Парыжы, уваходзяць 204 арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаецца суд над «рэйкавым партызанам», якому пры затрыманьні прастрэлілі калені
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеграм-канал чыгуначнікаў: Расея перакінула ў Беларусь прынамсі 15 зэнітна-ракетных комплексаў «Тор-М2»