Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлеграм-канал чыгуначнікаў: Расея перакінула ў Беларусь прынамсі 15 зэнітна-ракетных комплексаў «Тор-М2»


Расея перакінула ў Беларусь чыгункай буйны эшалён з вайсковай тэхнікай: ня менш як 15 адзінак ЗРК «Тор-М2» і 10 адзінак інжынэрнай тэхнікі.

Ужо сёньня цягнік прыбыў у Беларусь, паведамляе партал «Зеркало» з спасылкай на тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси».

Паводле зьвестак каналу, эшалён № 961 адправіўся з чыгуначнай станцыі Ейск (Краснадарскі край, РФ) 25 лістапада. У яго складзе было не менш як 15 адзінак зэнітна-ракетных комплексаў «Тор-М2» і 10 адзінак інжынэрнай тэхнікі.

28 лістапада ў 10.40 цягнік прыбыў на станцыю Ворша-Цэнтральная. Канчатковым пунктам прызначэньня эшалёну чыгуначнікі называюць станцыю Лясная пад Баранавічамі.

Паводле інфармацыі супольнасьці чыгуначнікаў, гэта не апошні эшалён з ЗРК «Тор-М2», якія перакідаюць у Беларусь.

Яшчэ ў верасьні чыгуначнікі паведамілі аб падрыхтоўцы чыгункі да масавага прыёму эшалёнаў з Расеі. Як расказаў «Зеркалу» прадстаўнік «Рабочага Руху» на Беларускай чыгунцы Сяргей Вайцяховіч, падобная падрыхтоўка чыгункі назіралася і перад уварваньнем Расеі ва Ўкраіну, і перад вучэньнямі «Захад-2021».

Акрамя таго, у апошнія тыдні Беларусь адпраўляе раскансэрваваную вайсковую тэхніку, у тым ліку танкі, з складоў сваёй арміі ў Расею. Як сьцьвярджаюць чыгуначнікі, за сем месяцаў з Беларусі ў РФ вывезьлі 65 тысяч тон боепрыпасаў.

У сярэдзіне лістапада чыгуначнікі паведамілі пра звальненьне аднаго з кіраўнікоў Беларускай чыгункі, першага намесьніка начальніка службы грузавой працы і замежнаэканамічнай дзейнасьці Беларускай чыгункі (службы «М») Аляксандра Еўсюка. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «МотолькоПомоги», менавіта ён адказваў за плянаваньне вайсковых перавозак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG