Лукашэнка падпісаў дакумэнт пра цэны, які ўводзіць новыя штрафы

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене кодэксаў па пытаньнях адміністрацыйнай адказнасьці», перадае яго прэс-служба. Як паведамляецца, дакумэнт прынялі ў сувязі з дырэктывай № 10, якая тычыцца недапушчальнасьці росту цэнаў.

У лістападзе Лукашэнка заяўляў, што «дырэктыва выканана, далей дзейнічае пастанова ўраду, якая ўвяла сыстэму цэнаўтварэньня», і «няма патрэбы ў дырэктыве, яна выканана», зьвяртае ўвагу Zerkalo. Аднак цяперашняе рашэньне па адміністрацыйнай адказнасьці па цэнах «накіравана на рэалізацыю дырэктывы».

Уводзіцца адміністрацыйная адказнасьць за адсутнасьць у таварных дакумэнтах інфармацыі аб фармаваньні цэнаў на тавары або ўказаньне няпоўных або недакладных зьвестак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бульба патаньнела, зубная паста падаражэла. Як зьмяніліся цэны ў менскіх крамах за 8 месяцаў

«За дадзеныя парушэньні будзе прымяняцца штраф у памеры да 20 базавых велічыняў (640 рублёў), а для суб’ектаў гаспадараньня — да 10% сумы грашовай ацэнкі гаспадарчай апэрацыі, адлюстраванай у таварных дакумэнтах», — перадае прэс-служба Лукашэнкі.

Як паведамляецца, указ павінен «забясьпечыць абарону інтарэсаў грамадзян, а таксама пастаўку на ўнутраны спажывецкі рынак тавараў па эканамічна абгрунтаваных цэнах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Начальства ставіць задачу: каб не было пустых паліцаў». Чым у Беларусі замяняюць заходнюю касмэтыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя прафсаюзы прызналі скарачэньне асартымэнту імпартных нехарчовых тавараў