На Багамах затрымалі заснавальніка збанкрутаванай крыптавалютнай біржы FTX

Сэм Бэнкман-Фрыд

На Багамах на запыт ЗША затрымалі Сэма Бэнкмана-Фрыда, заснавальніка і экс-кіраўніка крыптавалютнай біржы FTX, якая абвясьціла банкруцтва, паведамляе Reuters.

Паводле зьвестак агенцтва, затрыманьне Бэнкмана-Фрыда прайшло 12 сьнежня ў жылым комплексе ў горадзе Насаў. Генэральная пракуратура Багамскіх астравоў заявіла, што чакае яго экстрадыцыі ў Злучаныя Штаты.

Падставай для затрыманьня стала абвінаваўчае заключэньне пракуратуры Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. The New York Times піша, што Бэнкмана-Фрыда абвінавачваюць у махлярстве з каштоўнымі паперамі і адмываньні грошай.

Сэм Бэнкман-Фрыд 13 сьнежня павінен быў даць паказаньні ў камітэце фінансавых паслуг Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Ён напісаў у Твітэры, што дагэтуль ня мае доступу да патрэбнай інфармацыі, але паспрабуе быць карысным на слуханьнях. Бэнкман-Фрыд абяцаў растлумачыць сытуацыю з FTX і прапанаваць спосабы вяртаньня сродкаў карыстальнікам у іншых краінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэцяя ў сьвеце па памеры крыптавалютная біржа аб'явіла аб банкруцтве

FTX, адна з найбуйнейшых у сьвеце крыптавалютных біржаў, 11 лістапада ініцыявала банкруцтва ў судзе ў амэрыканскім штаце Дэлавэр.

Ацэначны кошт бізнэсу за тыдзень скараціўся з 32 мільярдаў да нуля долараў.

Крах здарыўся пасьля публікацыі расьсьледаваньня аб бізнэсе ўладальніка біржы Сэма Бэнкмана-Фрыда ў выданьні Coindesk 2 лістапада. У тэксьце сьцьвярджалася, што актывы другога буйнога бізнэсу мільярдэра ў асноўным складаюцца з крыптавалюты, выпушчанай ягонай жа біржай. Артыкул справакаваў уцёкі кліентаў і крызіс ліквіднасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Пракапеня купіў долю Саіда Гуцэрыева ў іх сумесным шматмільённым бізнэсе

Купіць FTX паабяцаў асноўны канкурэнт, найбуйнейшая ў сьвеце крыптавалютная біржа Binance. Аднак яна адмовілася ад угоды пасьля ацэнкі актыву і на фоне паведамленьняў аб праверцы сытуацыі амэрыканскімі рэгулятарамі.

Бэнкман-Фрыд падаў у адстаўку з пасады кіраўніка FTX. Яго месца заняў менэджар Джон Джэй Рэй III, які спэцыялізуецца на банкруцтвах. Ён займаўся рэструктурызацыяй бізнэсу амэрыканскай энэргетычнай кампаніі Enron у 2001 годзе, гэты выпадак лічыцца адным з самых вядомых карпаратыўных банкруцтваў.