Ацэначны кошт бізнэсу за тыдзень скараціўся з 32 мільярдаў да нуля долараў. Абавязаньні кампаніі могуць дасягаць 50 мільярдаў, піша брытанскае выданьне Financial Times.
Крах здарыўся пасьля публікацыі расьсьледаваньня аб бізнэсе ўладальніка біржы Сэма Бэнкмана-Фрыда ў выданьні Coindesk 2 лістапада. У тэксьце сьцьвярджалася, што актывы другога буйнога бізнэсу мільярдэра ў асноўным складаюцца з крыптавалюты, выпушчанай яго ж біржай. Артыкул справакаваў уцёкі кліентаў і крызіс ліквіднасьці.
Купіць FTX паабяцаў асноўны канкурэнт, найбуйнейшая ў сьвеце крыптавалютная біржа Binance. Аднак яна адмовілася ад угоды пасьля ацэнкі актыву і на фоне паведамленьняў аб праверцы сытуацыі амэрыканскімі рэгулятарамі.
Бэнкман-Фрыд падаў у адстаўку з пасады кіраўніка FTX. Яго месца заняў менэджэр Джон Джэй Рэй III, які спэцыялізуецца на банкруцтвах. Ён займаўся рэструктурызацыяй бізнэсу амэрыканскай энэргетычнай кампаніі Enron у 2001 годзе, гэты выпадак лічыцца адным з самых вядомых карпаратыўных банкруцтваў.