Ціханоўская выступіла ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў. 10 тэзісаў

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

13 і 14 сьнежня Ціханоўская наведае Хэльсынкі на запрашэньне міністра замежных справаў Фінляндыі Пэкі Хаавіста. Гэта другі яе візыт у Фінляндыю.

Падчас візыту яна выступіла ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў.

Сьвятлана Ціханоўская лічыць, што гісторыя фінскага супраціву сьведчыць аб тым, што перамагчы магчыма толькі праз аб’яднаньне намаганьняў. Такую думку Ціханоўская выказала ў часе сваёй лекцыі на дыскусіі, арганізаванай Фінскім інстытутам міжнародных дачыненьняў:

«Савецкія ўлады, напэўна, плянавалі захапіць Фінляндыю за тры дні. Савецкая армія, якая наступала на Фінляндыю, не чакала жорсткага супраціву. Але фіны зьдзівілі сьвет. Вы аб’ядналі намаганьні ўсіх, аб’ядналі волю кожнага да свабоды і паказалі, што ніхто ня можа скарыць вольны народ. І ваш досьвед барацьбы натхняе ня толькі беларусаў, але і ўкраінцаў», — заявіла Ціханоўская.

Што яшчэ сказала Ціханоўская

  • «Летась мы абмяркоўвалі тэорыю перамен у Беларусі, перамовы і шляхі вызваленьня палітвязьняў. З таго часу сытуацыя рэзка пагоршылася. Падвоілася колькасьць палітвязьняў, рэжым уцягнуў краіну ў злачынную вайну, а Беларусь апынулася на мяжы страты незалежнасьці», — сказала Ціханоўская.
  • «На нашых вачах дыктатар Лукашэнка ператварыўся на міжнароднага тэрарыста. Згон самалёта Ryanair і міграцыйны крызіс на мяжы з суседзямі — гэта былі толькі першыя сыгналы трывогі».
  • «Вайна ва Ўкраіне стала працягам крызісу ў Беларусі. Зьнішчэньнем грамадзянскай супольнасьці Лукашэнка падрыхтаваў спрыяльныя ўмовы для пуцінскага ўварваньня ва Ўкраіну. Уся краіна стала стартавай пляцоўкай для расейскай арміі», — заявіла Ціханоўская.
  • Паводле яе, пазьбегнуць чалавечых ахвяр можна было, калі б «яшчэ ў 2020 годзе мы аб’ядналіся і спынілі тыранаў, калі б рэакцыя сьвету была больш сьмелай і хуткай».
  • «Сытуацыю ў Беларусі і Ўкраіне нельга параўноўваць. Але корань праблемы ўсё той жа — рэваншысцкая агрэсіўная Расея, якая ня бачыць ні Беларусь, ні Ўкраіну як незалежныя дзяржавы», — падкрэсьліла Ціханоўская.
  • Яна паведаміла, што ў краіне па палітычных матывах у турмах знаходзіцца больш як 5 тысяч чалавек.
  • «Некаторым пагражае сьмяротнае пакараньне. З пачаткам вайны рэпрэсіі ўзмацніліся. Людзей катуюць. Іх б'юць і прыніжаюць. Ім забаронена сустракацца са сваякамі, атрымліваць лісты і прадуктовыя пасылкі. Палітвязьні павінны насіць адмысловую налепку, ім забаронена размаўляць зь іншымі зьняволенымі», — дадала яна.
  • Ціханоўская мяркуе, што такім чынам рэжым помсьціць тым, хто выйшаў на пратэст у 2020 годзе.
  • «У турмах шмат былых чыноўнікаў і вайскоўцаў, а гэта азначае, што супраціў не абмяжоўваецца актывістамі апазыцыі».

Плянуецца, што ў часе візыту Ціханоўская правядзе сустрэчы з прэзыдэнтам Саўлі Нійністэ, прэм’ер-міністрам Саннай Марын, сьпікерам парлямэнту Мацьці Ванханэнам, мэрам Хэльсынкі Юханай Вартыяйнэн, з амбасадарамі, акрэдытаванымі ў Фінляндыі, з дэлегацыяй у Паўночнай радзе і беларускай дыяспарай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская прыбыла зь візытам у Фінляндыю