Лукашэнка прызначыў новага камандуючага ВПС і войскамі супрацьпаветранай абароны. Хто гэта?

Палкоўнік Андрэй Лук'яновіч

Палкоўнік Андрэй Лук’яновіч асабіста пілятаваў самалёт Іл-76 на ўсіх вайсковых парадах у Беларусі.

Лукашэнка прызначыў палкоўніка Андрэя Лук’яновіча камандуючым Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі Супрацьпаветранай абароны Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Раней ён займаў пасаду намесніка камандуючага ВПС і войскамі СПА — начальніка авіяцыі.

Што вядома пра Андрэя Лук’яновіча?


Адразу пасьля свайго прызначэньня ў лютым 2022 году намесьнікам камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі Супрацьпаветранай абароны -начальнікам авіяцыі Андрэй Лук’яновіч даў інтэрвію дзяржаўнай газэце «Зьвязда».

Андрэй Лук’яновіч нарадзіўся ў Смаргоні Гарадзенскай вобласьці. Калі яму было сем гадоў, памёр бацька, і маці засталася з трыма дзецьмі — у Лук’яновіча ёсьць дзьве сястры. Навучаўся ў Балашоўскім вышэйшым вайсковым авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў (Саратаўская вобласьць, Расея). Мае спэцыяльнасьць лётчыка-снайпэра.

Пасьля вучылішча яго разьмеркавалі ў 150 ваенна-транспартны авіяцыйны полк, які дысьлякаваўся ва Ўлан-Удэ (Бурація, Расея).

Жанаты. Жонка Сьвятлана таксама паходзіць з Смаргоні. Маюць траіх дзяцей. Старэйшы сын Яўген — лётчык цывільнай авіяцыі, працуе ў Расеі. Жонка Яўгена таксама пілёт цывільнай авіяцыі.

Дачка Настасься навучаецца ў Нямеччыне, а малодшы сын Мікіта — дзевяціклясьнік.

Вядома, што Андрэй Лук’яновіч асабіста пілятаваў самалёт Іл-76 на ўсіх вайсковых парадах у Беларусі. Ягоны самалёт звычайна завяршаў авіяцыйную частку з дымам у колер дзяржаўнага сьцяга Беларусі.

«Для мяне гэта — велічэзны гонар. Адзначу, што нашыя пілёты праходзяць пільны адбор: для ўдзелу ў парадзе залучаюць толькі першаклясных лётчыкаў. У комплексе з пільнай падрыхтоўкай да ўрачыстага мерапрыемства, нягледзячы на даволі складаны палёт на розных высотах і хуткасьцях, неабходна сабраць баявы парадак пры ўзьлёце з чатырох аэрадромаў. Ювэлірная праца, падобная на твор мастака», — дзяліўся ён сваімі ўражаньнямі з журналістамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новым міністрам замежных справаў Беларусі прызначылі кадравага дыплямата Сяргея Алейніка