Аляксандар Лукашэнка прызначыў новым міністрам замежных справаў Сяргей Алейніка. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал БелТА. Сяргей Алейнік дагэтуль працаваў на пасадзе першага намесьніка міністра.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні абмеркаваў з міністрам усе нюансы ягонай будучай дзейнасці на новай пасадзе і сказаў Алейніку:
«Нялёгка будзе».
Хто такі Сяргей Алейнік
Сяргей Алейнік нарадзіўся ў 1965 годзе ў Менску. Скончыў менскі Пэдагагічны інстытут замежных моваў і дыпляматычную акадэмію ў Вене, спэцыяльнасьць «міжнародныя адносіны». Валодае нямецкай і ангельскай мовамі.
З 1992 году на дыпляматычнай службе. Працаваў консулам Генэральнага консульства Беларусі ў Гаазе (Нідэрлянды), часовым павераным у справах Беларусі ў Каралеўстве Нідэрлянды, сталым прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі забароны хімічнай зброі. Пасьля працы начальнікам дзяржаўнага пратаколу МЗС Беларусі працаваў сталым прадстаўніком Беларусі пры аддзяленьні ААН і іншых міжнародных арганізацый у Жэнэве, надзвычайным і паўнамоцным паслом пры Сьвятым Пасадзе, амбасадарам у Вялікай Брытаніі і Ірляндыі.
У 2013 годзе стаў амбасадарам Рэспублікі Беларусі ў Лёндане, а ў 2020 стаў намесьнікам Уладзімера Макея ў Міністэрстве замежных справаў, дзе ўжо працаваў з 2009 па 2013 гг. 10 лютага 2022 году Лукашэнка паставіў Алейніка першым намесьнікам Макея.
Жанаты, мае двух сыноў.
Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада на 65-м годзе жыцьця. Афіцыйна пра абставіны і прычыны сьмерці да сёньня не паведамляюць. Макей кіраваў МЗС Беларусі 10 год.
Цырымонія разьвітаньня прайшла ў менскім Доме афіцэраў, на ёй прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка. Пахавалі Ўладзімера Макея на Ўсходніх могілках у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея можа прызначыць Зася кіраўніком Беларусі, а сьмерць Макея невыпадковая, — аўтары скандальнай публікацыі Robert Lansing InstituteЖурналіст-расьсьледнік Хрыста Грозеў заявіў, што Bellingcat зоймецца расьсьледаваньнем гэтага здарэньня. Прычынай, чаму сьмерць міністра прыцягнула яго ўвагу, Грозеў назваў «некалькі дзіўных супадзеньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская дыпляматыя стала прыдаткам вайны». Вынікі году з Паўлам Сьлюнькіным