Рэпрэсіі супраць беларусаў за пратэсты працягваюцца.
Ад 5,5 да 10 гадоў калёніі — чатырох палітзьняволеных салігорцаў асудзілі на вялікія тэрміны
У Менскім абласным судзе агучылі прысуд чатыром палітзьняволеным жыхарам Салігоршчыны. Судзьдзя Алена Місьнік прызначыла адпаведна «пратэставым артыкулам» КК:
- мужу і жонцы Алегу і Тацяне Бірулям — па 6 гадоў калёніі,
- трэнэру Алегу Гаўрылаву — 10 гадоў калёніі,
- Сяргею Пасюку — 5,5 года калёніі, піша «Вясна».
Іх затрымалі за распаўсюд «пратэставых» газэт 13 сьнежня 2021 году, але падчас сьледзтва сьпіс інкрымінаваных ім артыкулаў Крымінальнага кодэксу вырас да пяці.
Згодна з матэрыяламі справы, са студзеня па люты 2021 году салігорцы наносілі на аб’екты інфраструктуры надпісы і малюнкі. Таксама яны распаўсюджвалі ўлёткі і газэты «экстрэмісцкага» зьместу.
Агулам чатырох палітвязьняў асудзілі паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
- арт. 341 («апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці»);
- ч. 3 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»);
- ч. 1 арт. 361 («заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»);
- ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).