Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 9 сьнежня: чарговы раз затрымалі валянтэра Міронава; у «сьпіс экстрэмістаў» дадалі 46 чалавек

абноўлена

Ільля Міронаў
Ільля Міронаў

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

У Гомлі зноў арыштавалі Ільлю Міронава

Былога палітвязьня з Гомля Ільлю Міронава зноў затрымалі. Здарылася гэта, калі ён пайшоў у РАУС на «прафіляктычную гутарку», паведамляе «Вясна».

Вядомы гомельскі валянтэр Ільля Міронаў атрымаў пакараньне 12 днямі арышту, у яго сканфіскавалі тэлефон. Такое рашэньне прыняў суд Савецкага раёну Гомля.

Ільлю Міронава затрымалі 8 сьнежня. Ілью ўжо затрымлівалі ў сярэдзіне лістапада. Тады яго адправілі за краты на 5 дзён за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) — нібыта за падпіску на «экстрэмісцкі» канал. У ізалятары, як сам ён пісаў, «да нас ставіліся горш, чым да крымінальнікаў».

А ў кастрычніку былога палітвязьня асудзілі на 1,5 года калёніі ў «справе Зельцара». За кратамі яго трымалі больш за год.

У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 46 чалавек. Цяпер у ім 2163 чалавекі

9 сьнежня МУС Беларусі чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

У яго дадалі яшчэ 46 чалавек. Так, у сьпіс сярод іншых трапілі «змоўшчыкі» Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Дзяніс Краўчук, пэнсіянэрка Эма Сьцепулёнак, актывістка «Эўрапейскай Беларусі» Алена Лазарчык, паведамляе «Вясна».

Дыджэя з Горадні асудзілі на год калёніі за абразу Лукашэнкі

У судзе Ленінскага раёна Горадні асудзілі палітзьняволенага Кірыла Жалудка паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Руслан Гурын прызначыў палітвязьню адзін год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Кірыл — сьпявак, дыджэй, паэт, вядоўца мерапрыемстваў

Выйшаў на волю 70-гадовы палітзьняволены зь Берасьця Віталь Зарадзей

Віталь — былы вайсковец, ліквідатар аварыі на ЧАЭС. У Берасьці ён быў вядомы тым, што пісаў звароты да ўладаў.

29 сакавіка 2021 году ў дом Віталя ўварваліся людзі з аўтаматамі. Віталя затрымалі і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі за «абразу судзьдзі і прэзыдэнта». Прысуд вынес судзьдзя Вадзім Здановіч, які часта ўдзельнічае ў палітычна матываваных працэсах.

Віталя Зарадзея абвінавацілі ў тым, што ён падаваў у канцылярыі судоў позвы, дзе, паводле экспэртызаў, «дапускаў нэгатыўную ацэнку» судзьдзяў і Аляксандра Лукашэнкі. Сілавікі налічылі 7 такіх «правапарушэньняў».

Пакараньне Віталь Зарадзей адбываў у шклоўскай калёніі № 17.

8 сьнежня палітзьняволены выйшаў на волю, паведаміў «Белсат».

74-гадовую палітзьняволеную Натальлю Таран этапавалі ў калёнію

Натальлю абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 арт. 368 («абраза» Лукашэнкі),
  • ч.2 арт. 367 («паклёп» на Лукашэнку)
  • і арт. 369 («зьнявага прадстаўніка ўлады»).

Падрабязнасьці суду невядомыя — працэс адбываўся ў закрытым рэжыме. Праваабаронцам вядома толькі, што да прысуду жанчына заставалася пад падпіскай аб нявыезьдзе. Суд пакараў пэнсіянэрку Натальлю Таран пазбаўленьнем волі на 3 гады і 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму.

Нядаўна жанчыну перавялі ў гомельскую жаночую калёнію № 4.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG