Праваабаронцу і рэдактара аршанскага незалежнага сайту Ігара Казьмерчака абвясьцілі ў вышук па краінах СНД

Ігар Казьмярчак

Ігар Казьмярчак з канца 2021 году знаходзіцца за мяжой. У Беларусь ён вырашыў не вяртацца пасьля таго, як даведаўся, што да яго дадому неаднаразова прыходзілі сілавікі.

Рэдактар сайту orsha.eu Ігар Казьмярчак яшчэ ў пачатку году быў абвешчаны ў вышук па Беларусі. Падставай паслужыла крымінальная справа нібыта за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 Крымінальнага кодэксу).

Цяпер Вясьне стала вядома, што Казьмерчака абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук — гэта вышук у межах СНД. Акрамя Расеі, іншыя дзяржавы СНД не выдаюць Беларусі людзей, абвінавачаных паводле палітычных артыкулаў.

Ігар Казьмярчак — вядомы журналіст і праваабаронца з Воршы — выехаў з краіны яшчэ летась. Цягам ягонай грамадзкай дзейнасьці на Казьмерчака неаднаразова заводзілі крымінальныя справы, аднак усе яны разваліліся. Першапачаткова, у 2021 годзе, пасьля ператрусаў і знаходжаньня ў ізалятары Казьмярчак адправіўся за мяжу на адпачынак. Перад гэтым улады пазбавілі яго бізнэсу — крамы беларускіх сувэніраў, якой ён валодаў.

Ужо за мяжой Казьмерчак даведаўся, што сілавікі працягваюць цікавіцца ягонай дзейнасьцю, і вырашыў не вяртацца. На пачатку 2022 году Ігар Казьмерчак жыў ва Ўкраіне, дзе яго засьпела вайна. Ён вёў відэадзёньнік падзей у Чарнігаве, у якім жыў на той момант.

Сайт orsha.eu — самы папулярны незалежны сайт пра Воршу. У мінулыя гады ў рэдакцыі сайту і яго журналістаў неаднаразова праходзілі ператрусы, затым у межах перасьледу незалежных СМІ сайт заблякавалі на тэрыторыі Беларусі. Як тады заявіў рэдактар, пракуратура ня здолела ўцямна патлумачыць, на падставе якога закону адбылося блякаваньне сайту. Цяпер жыхары Беларусі могуць праглядаць сайт толькі праз VPN-сэрвісы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактар Orsha.eu пражыў месяц пад бомбамі ў Чарнігаве: «У мяне дагэтуль парушаныя асацыяцыі — што норма, а што не»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Воршы зьліквідавалі моладзевае аб’яднаньне «Зьвяз», усяго ў Беларусі закрылі ўжо 135 НДА