Урачыстасьць у Осла сапраўды была бездакорнай. Пасьля ковідных гадоў цырымонія нарэшце вярнула свой шарм. Кароль Нарвэгіі Гаральд V у першым шэрагу, нацыянальныя нарвэскія строі гасьцей за тысячы даляраў, кветкавае афармленьне залі ад сусьветнавядомага майстра ікебаны і пампэзны банкет у шыкоўным Grand Hotel, дзе жылі ляўрэаты пад аховай нарвэскай паліцыі.
Але нават знаходзячыся пасярод гэтых фаервэркаў, варта цьвяроза глядзець на сытуацыю і рацыянальна ацэньваць, што застанецца пасьля ад сьлёз узрушэньня.
Прамова Натальлі Пінчук — магутнае пасланьне пра складанасьць «беларускага пытаньня»
Алесю Бяляцкаму, якога журналісты ў Осла называлі «беларускім Мандэлам», удалося нават з-за кратаў растлумачыць заходняй грамадзкай думцы, у чым драма Беларусі. Што гэта ня толькі барацьба за дэмакратыю і правы чалавека, гэта барацьба за тое, каб быць беларусамі. У сьвеце, дзе размаўляюць на сваёй мове і ведаюць сваю гісторыю такой, якой яна сапраўды была, гэта складана зразумець. Часам, чуючы пра беларускія праблемы з ідэнтычнасьцю, слухач можа памылкова ўспрыняць гэта як рыторыку шавіністычных і разбуральных нацыяналізмаў у Эўропе. Проста людзі там бачаць усё з уласнай пэрспэктывы.
Таму словы Алеся пра дэбеларусізацыю, каляніяльную палітыку пагрозы існаваньня беларусаў як народу, якія яго жонка прамовіла на ўвесь сьвет, надзвычай важныя:
«Драматычная памылка — аддзяляць правы чалавека ад каштоўнасьцяў ідэнтычнасьці і Незалежнасьці», — гэтыя словы Бяляцкага трэба як альфабэт тлумачыць кожнаму на Захадзе, хто ўплывае на прыняцьце рашэньняў.
Прамова Натальлі Пінчук была вельмі чалавечнай і бездакорнай. І гэтай бездакорнасьці дадавала і годнасьць у паставе самой жонкі Бяляцкага, адчуваньне важнасьці той місіі, якую яна выконвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зараз у турме ўся Беларусь». Поўны тэкст Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага, якую ў Осла прачытала ягоная жонка Натальля ПінчукБеларусь мала каго цікавіць, і сьвет не разумее, што ў нас адбываецца
Калі прамове беларускага ляўрэата пляскаюць кароль, палітыкі, дыпляматы, а Сьвятлану Ціханоўскую садзяць за тры мэтры ад манарха, можа здацца, што беларускае пытаньне ў цэнтры сусьветнага парадку дня або, прынамсі, блізка. Гэта ілюзія. Найлепш гэта было відаць на прэсавай канфэрэнцыі ляўрэатаў за дзень да цырымоніі. Замежных журналістаў Беларусь цікавіла настолькі, што першае пытаньне Натальлі Пінчук быў вымушаны задаць прадстаўнік Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту, адчуўшы, відаць, няёмкасьць моманту.
Нашымі праблемамі цікавяцца і пераймаюцца вузкія спэцыялісты, напрыклад мясцовыя праваабаронцы, якія лабіявалі кандыдатуру Алеся Бяляцкага. Але і для іх Беларусь — экзатычная краіна, дзе адбываюцца вельмі цікавыя, але не да канца зразумелыя ім рэчы. Пераважна праз стэрэатыпы на Беларусь глядзяць і замежныя журналісты. Расповеды пра турму за перапосты ў сацсетках або колеры нацыянальнага сьцяга яны слухалі хаця і з адкрытымі ратамі, але ў недзе ў глыбіні, здаецца, з думкай, што суразмоўца перабольшвае і дадумвае. Але нават такія сэнсацыі для іх жывуць лічаныя хвіліны, бо праблемаў у сьвеце мноства і самыя крывавыя — не ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на сустрэчы зь беларусамі ў Осла заклікала працаваць з дыпляматамі і парлямэнтамі для ўзмацненьня ціску на рэжым ЛукашэнкіБеларусь атрымала некалькі хвілінаў увагі і павінна змагацца за наступныя
Адным з заключных акордаў нобэлеўскага дня стала шэсьце з паходнямі па цэнтры Осла. Людзі прыйшлі да гатэля, дзе жылі ляўрэаты і па старой традыцыі павінны былі выйсьці і прывітацца з балькона. Калі б выпадковы мінак або глядач ацэньваў сытуацыю па тым, што ўбачыў, то мог бы падумаць, што прэмію атрымаў нехта зь Ірану. Іранская дыяспара масава прыйшла на шэсьце са сьцягамі, плякатамі, каб падтрымаць пратэсты супраць дыктатуры на радзіме. Яны размалявалі сябе фарбай, прынесьлі нават шыбеніцу і бясконца крычалі лёзунгі. І толькі калі яны спыніліся празь некалькі хвілінаў, я пачуў, што побач група беларусаў сьпявае апошнія радкі «Пагоні».
Сутыкненьне з гэтай рэальнасьцю нецікавасьці да Беларусі найлепш вылечвае ад неразуменьня замежнага кірунку палітыкі дэмакратычных сілаў Беларусі і «бясконцых» ваяжаў Ціханоўскай. Бо як інакш у сусьветных сталіцах зразумеюць сутнасьць сытуацыі Беларусі, калі нават журналісты яе там не разумеюць. Пасьля пачутага мяне ўсьцешыла нават тое, што вядоўца нарвэскага каналу NRK падчас жывых уключэньняў казаў Belarus, а не Hviterussland (Белая Расея).
А вось Сьвятлане Ціханоўскай давялося папраўляць у прамым эфіры журналіста тэлеканалу «Аль-Джазіра», які ў сваім пытаньні назваў Лукашэнку прэзыдэнтам. Беларускія праблемы яны часта бачаць праз оптыку палітычных праблемаў ва ўласных краінах, не разумеючы маштабу і дэталяў. Глядач у Парыжы можа паспачуваць менчуку, бо таксама выходзіць на мітынгі і часам вымушаны ўцякаць ад паліцыі, можа нават назваць Макрона антыдэмакратам. Але ён можа не ўлавіць нюансу, што ў Францыі ўлада мяняецца на выбарах, за гэтай уладай сочаць парлямэнт і іншыя дзяржаўныя інстытуты.
Кожнае інтэрвію Натальлі Пінчук, кожнае выказваньне беларусаў замежным СМІ — на вагу золата. Гэта фармаваньне грамадзкай думкі. Бо як інакш зацікавіць сьвет, як не пастаяннай прысутнасьцю ў СМІ?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі — гэта і ёсьць Беларусь. Уражаньні ад нобэлеўскай лекцыіНя было ніякіх канфліктаў паміж ляўрэатамі
Яшчэ да цырымоніі сярод журналістаў луналі чуткі пра вельмі напружанае стаўленьне ўкраінскай дэлегацыі да расейскіх ляўрэатаў з «Мемориала» і часткова да беларусаў. А на заканчэньні нобэлеўскай цырымоніі ў суботу да мяне падбег адзін заходні журналіст з «сэнсацыяй»: прадстаўніца ўкраінскага ляўрэата Аляксандра Матвійчук нібыта наўмысна забылася сваю торбачку на крэсьле, каб вярнуцца па яе і тым самым не выходзіць з залі разам з расейскім прадстаўніком Янам Рачынскім.
Гэта, вядома ж, лухта. Набэлісты і так выходзілі паасобку, кожнага суправаджаў прадстаўнік Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту. Яны і так не маглі быць разам, і гэтае правіла старое, як прэмія. Матвійчук сапраўды вярнулася сама, бо калі б яна гэтага не зрабіла, то ніхто б ня мог ён дапамагчы, паколькі ляўрэаты ў суправаджэньні аховы за каралём ішлі да сваіх картэжаў.
Але каб зразумець адсутнасьць варожасьці ўкраінскіх ляўрэатаў, мне хапіла і ўласнага досьведу. Чакаючы кароткага інтэрвію з Аляксандрай Матвійчук у холе Grand Hotel, я на ўласныя вочы бачыў, як іншая ўкраінская прадстаўніца цёпла віталася з адной з заснавальніц «Мемориала» Аленай Жамковай з Масквы і пасьля па-сяброўску размаўляла зь ёй на расейскай мове. Яшчэ адзін прадстаўнік украінцаў пракамэнтаваў гэтыя чуткі пра варожасьць як лухту, бо «з „Мемориалом“ і ня можа быць варожасьці, бо мы за адно».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы больш паслухмяныя і менавіта таму там прыжываецца дыктатура», — прадстаўнік украінскага ляўрэата Нобэлеўскай прэмііСпробы нарвэжцаў «памірыць» і паводзіны расейцаў
Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт ужо пасьля абвяшчэньня сёлетніх ляўрэатаў мусіў тлумачыць, што мірыць «тры братэрскія народы» мэтаў ня меў. Маўляў, заяўкі былі прынятыя яшчэ да вайны, а прэмія ўвогуле за мінулы год.
Але нюансы часам сьведчаць больш, чым, здавалася б, агульная відавочная карціна. Былі спробы «прымірыць» расейскіх і ўкраінскіх журналістаў падчас аднаго з суправаджальных мерапрыемстваў, на што ўкраінцы зрэагавалі вельмі востра. На адной з акцый перад удзельнікамі выступаў піяніст з Украіны і вядоўца, апрача імя, дадаў, што ў яго расейска-ўкраінскія карані. Нарвэжцы, якія ў свой час мірылі ізраільцян і палестынцаў, бадай, не маглі інакш.
Але самі расейцы не імкнуліся гэтаму падыгрываць. У згаданым вышэй канфлікце з украінскімі журналістамі яны з разуменьнем прынялі свой лёс. На акцыі зь піяністам расейскі прамоўца гаварыў выключна пра злачынствы Расеі, падкрэсьліваючы віну расейцаў за вайну. Месцамі гэты выступ нагадваў нават самабічаваньне.
А сама расейская нобэлеўская дэлегацыя, здаецца, рабіла ўсё магчымае, каб быць менш прыкметнымі. Як сказаў мне адзін журналіст пасьля лекцыі Яна Рачынскага, ён выглядаў так, «нібыта нясе на сваіх плячах увесь смутак, сорам і гора, якія расейцы павінны адчуваць да ўкраінскага народу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гаворыць, што думае, і жыве так, як гаворыць». Нобэлеўскія ляўрэаткі з Расеі і Ўкраіны — пра БяляцкагаБеларусаў мала цікавіць прэмія Бяляцкаму і цырымонія
Пасьля ўрачыстасьці пахаваньня ў Вільні Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў, пасьля «беларускага выбуху» ў 2020 годзе, цырымонія ў Осла, бясспрэчна, адна з самых кранальных грамадзка-палітычных падзеяў. Яе важнасьць ня толькі ў тым, што беларускую працу і пакуты заўважылі ў сьвеце і заслужана ацанілі. Гонар і ўдзячнасьць, якія многія адчувалі ў гэтыя дні за свой народ, — гэта тое, што беларусаў павінна аб’ядноўваць, умацоўваць і дадаць надзеі ў той пэрыяд гісторыі, калі гэта вельмі неабходна.
Пры ўсёй узьнёсласьці і важнасьці моманту я і мае калегі зь Беларусі пагадзіліся ў думцы, што саміх беларусаў гэты момант усё ж мала зацікавіў. Гаворка не пра тую аўдыторыю, якая чытае гэты тэкст. Але аб’ектыўна Нобэлеўская прэмія для беларуса Алеся Бяляцкага ня выклікала ажыятажу сярод чытачоў і гледачоў. Тут ня трэба цытаваць нейкую ўнутраную статыстыку, дастаткова паглядзець, колькі людзей паглядзелі выступ Натальлі Пінчук на розных беларускіх каналах у YouTube.
Можна колькі заўгодна наракаць на сьвет, які не цікавіцца лёсам Беларусі, але ён і не пачне цікавіцца, калі беларускія героі ня стануць цікавымі самім беларусам.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.