Памёр праўладны экспэрт Шчокін, які казаў, што Ўкраіны не існуе. У Кіеве яго ўключылі ў сьпіс прарасейскіх прапагандыстаў

Мікалай Шчокін

Мікалаю Шчокіну было 49 гадоў, ён не дажыў тыдзень да юбілею. За сваю экспэртную кар’еру Шчокін адзначыўся шэрагам скандальных выказваньняў, абараняючы Лукашэнку і бэсьцячы Захад.

Пра сьмерць Мікалая Шчокіна ў сваім тэлеграм-канале паведаміў былы палітвязень Юры Васкрасенскі, які затым стаў праўладным аналітыкам, арганізатарам так званага «Круглага стала беларускай апазыцыі». 18 сьнежня Шчокін мог бы адсьвяткаваць 50-годзьдзе.

У сваім допісе Васкрасенскі назваў Шчокіна «таленавітым чалавекам, бліскучым прамоўцам і яскравым мысьляром». Свабода ўспомніла некаторыя заявы Шчокіна на дзяржаўнай тэлевізіі.

12 сьнежня Цэнтар супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны паведаміў аб уключэньні Мікалая Шчокіна ў сьпіс прапагандыстаў пад № 86. Гэта першы беларус, які трапіў у кола прапагандыстаў, што працуюць на баку Расеі. Цэнтар таксама навёў некаторыя цытаты зь ягонай дзейнасьці, у якіх ён сьцьвярджаў, што Ўкраіна ператварылася на варожую да Беларусі дзяржаву.

Ва Ўкраіне неаднаразова заяўлялі аб неабходнасьці прыцягненьня да адказнасьці ўсіх прапагандыстаў, якія апраўдвалі расейскую агрэсію супраць Украіны, ў межах разгляду справы Міжнародным трыбуналам.

Чым запомніўся Шчокін

Шчокін быў кіраўніком аддзелу сацыялёгіі Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі, кандыдатам філязофскіх навук і выказваўся як пра палітыку ўнутры Беларусі, так і за яе межамі. У прыватнасьці, на пачатку 2022 году ён выступаў за наданьне канстытуцыйнага статусу «ўсебеларускаму народнаму сходу» і ў праграме «Аб’ектыўна» на тэлеканале АНТ адзначыўся фразай пра «вар’ята, які можа прыйсьці да ўлады»:

«Нас ніхто не засьцеражэ ад таго, што прыйдзе нейкі вар’ят: усё бывае, вонкавая інтэрвэнцыя — усё можа быць. Таму Ўсебеларускі народны сход — гэта ўнівэрсальны мэханізм стрымліваньня і адначасова нейкай пэрспэктывы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыктатар сыдзе — дыктатура застанецца? Чым скончыцца спроба стварыць «калектыўнага Лукашэнку»

З 2008-га па 2013 год Шчокін узначальваў Інстытут дзяржаўнай службы пры Акадэміі кіраваньня пры Лукашэнку, прыкладна ў 2015-м ён стаў усё часьцей зьяўляцца на прапагандысцкіх праграмах у якасьці экспэрта. Бадай, першым выказваньнем, якім ён праславіўся, сталі ягоныя словы ў «Клюбе рэдактараў» на «Беларусь-1» у дыскусіі з рэдактарам «Эканамічнай газэты» Леанідам Фрыдкіным. Ён сказаў, што 48 мільёнаў чалавек у ЗША літаральна жывуць на вуліцы. На просьбу Фрыдкіна прад'явіць доказы Шчокін сказаў, што на гэта няма рэсурсаў.

Актыўна выказваўся Шчокін аб пратэстах 2020 году ў Беларусі. Іх ён таксама лічыў спробай вонкавага падрыву стабільнасьці ў Беларусі і ўхваляў пляны сілавікоў выкарыстоўваць супраць пратэстоўцаў зброю, што і было тымі зроблена.

«Сама лёгіка разьвіцьця падзеяў вядзе да таго, што калі не спыніць жорсткімі мерамі гэтыя праявы, можам атрымаць другі клон „Правага сэктару“, і тады будзе разыграная іншая карта — з захопам улады ў рэгіёнах. Таму варта прымаць комплекс мер — ад ідэалягічных формаў (адукацыйных і асьветніцкіх) да больш жорсткіх з ужываньнем спэцсродкаў і зброі».

Ужо праз два месяцы, у сьнежні 2020-га, Шчокін радаваўся згасаньню пратэстаў у краіне, заявіўшы, што грамадзяне Беларусі «стаміліся ад нэанацысцкіх бел-чырвона-белых шэсьцяў». Сам нацыянальны беларускі сьцяг ён прапаноўваў зьмясьціць у музэй, а яго выкарыстаньне ў іншых месцах забараніць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лёзунг «Жыве Беларусь» абвясьцілі нацысцкім. Яго прыдумаў Купала, бараніла СБ і крычаў дэпутат за Лукашэнку

Шчокін хваліў «беларускую мадэль дэмакратыі» пры Лукашэнку і казаў, што ўсе яе апанэнты павінны адысьці ўбок.

«Беларуская мадэль дэмакратыі паказала сваю дзеяздольнасьць і стала кансалідуючым фактарам у пабудове суверэннай і незалежнай Беларусі. Хто гэтага ня можа зразумець або ня хоча па прычыне сваіх комплексаў або прыватнай нажывы, павінны адысьці ўбок і ня блытацца пад нагамі гісторыі».

Адной з самых вядомых заяваў Шчокіна стала тое, што Ўкраіны насамрэч не існуе, існуюць толькі контуры на мапе, а народу і асобнай мэнтальнасьці не існуе. На адным з прапагандысцкіх шоў ён заявіў, што «калектыўны Захад стварыў ва Ўкраіне фашысцкую гідру».

Гэта былі не адзіныя нападкі лукашэнкаўскага экспэрта на Ўкраіну. На ютуб-канале газэты «Мінская праўда» Шчокін у ліпені 2022 заявіў, што Ватыкан нібыта пачаў адбіваць манэты з праслаўленьнем палка «Азоў», а ў самой Украіне быццам пасьля такіх дзеяньняў папы пачалі «паліць праваслаўныя храмы». Праваслаўныя храмы і манастыры на ўкраінскай зямлі ў тыя месяцы сапраўды зазналі сур’ёзныя разбурэньні, аднак насамрэч гэта былі наступствы расейскіх бамбаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне расейскія войскі абстрэламі часткова зьнішчылі сама меней 28 культавых устаноў і выкралі некалькіх сьвятароў