Бяляцкі — гэта і ёсьць Беларусь. Уражаньні ад нобэлеўскай лекцыі

На цырымоніі ўзнагароджаньня, Осла, 10 сьнежня 2022 году

Нобэлеўская лекцыя Натальлі Пінчук ад імя яе зьняволенага мужа Алеся Бяляцкага магла б прагучаць (а часам здавалася, што і прагучала) адна, бязь лекцыяў Мэмарыялу і Ўкраінцаў.

Здавалася, бо ўсе лекцыі былі пра іншае і настолькі самадастатковыя, што тэматычна і стылістычна амаль не перасякаліся, быццам падкрэсьліваючы, што гэта тры асобныя прэміі, а не адна.

Украінка казала пра бяду сваёй краіны і правы чалавека, а Мэмарыял... Пры ўсёй павазе да Мэмарыялу мне падумалася, што Расея — унікальная краіна, якая адначасова разьвязала вайну і атрымала прэмію міру. Ніякую іншую краіну ў такой сытуацыі ўявіць немагчыма. Чымсьці гэта нагадвала знакамітыя званкі Макрона Пуціну... Мэмарыял даказваў, што Расея і яе насельніцтва — гэта рознае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зараз у турме ўся Беларусь». Поўны тэкст Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага, якую ў Осла прачытала ягоная жонка Натальля Пінчук

Натальля выканала сваю ролю бездакорна, у поўнай адпаведнасьці з цырыманіялам і чаканьнямі публікі ў залі. Трэба падкрэсьліць, што у такой сытуацыі кожнае адхіленьне ад рытуалу можа ўспрымацца як прафанацыя ці нэафіцтва, а нэафіцтва непазьбежна наводзіць на думку пра выпадковасьць ляўрэата і памылку ў яго выбары. Вось чаму такая важная адпаведнасьць Натальлі і таго, што яна казала, гэтай залі, гэтай публіцы і гэтаму рытуалу. Такім чынам Алесь Бяляцкі цалкам паўнавартасна ўступіў у статус ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру — як галоўнай узнагароды за дзейнасьць на карысьць чалавечай цывілізацыі.

Едучы на супольны прагляд цырымоніі ў Беларускім Доме ў Вільні, я думаў пра тое, што ў Літве першую ролю ў абароне правоў чалавека выконвае дзяржава. Яна адказная за жыцьцё і бясьпеку, свабоду і ідэнтычнасьць грамадзян. У літоўцаў рэальна ёсьць свая дзяржава. У Беларусі першую ролю ў гэтай справе выконваюць праваабаронцы, якіх за гэта садзяць у турмы і вымушаюць пакінуць краіну. У беларусаў сёньня сваёй дзяржавы няма. Дакладней, сваю дзяржаву ўвасабляе грамадзянская супольнасьць, праваабаронцы і, як сымбаль, Алесь Бяляцкі.

Мне згадалася колішняя мая перадача (25 гадоў таму), у якой мы з усіх бакоў разглядалі Нобэля для беларусаў — значэньне, кандыдатаў, шанцы... Сярод удзельнікаў былі Ўладзімер Арлоў, Зянон Пазьняк, Аляксандар Лукашук... І Лукашук, між іншага, заўважыў, што для беларусаў Нобэль — гэта Чарнобыль наадварот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня бі мяне, мужу, не карай». Каронная песьня Бяляцкага

Сёньня, бадай, не такая ўжо вострая тэма Чарнобыля, на першым пляне — масавы тэрор рэжыму супраць грамадзян. І таму Нобэль — гэта дыктатура наадварот. Бяляцкі — гэта Лукашэнка наадварот. Апошні, дарэчы, мае Шнобэлеўскую прэмію. Таму наш Нобэль — гэта Шнобэль наадварот.

У прамове Натальлі Пінчук не было мэтафар, «кідкіх пасажаў», як заўважыў Пётра Садоўскі. І гэта добра, адпаведна і канструктыўна. Лекцыя зразумелымі для ўсяго сьвету словамі расказвала пра нас, беларусаў, пра тое, што мы перажываем сёньня, чаго хочам і чаго дамагаемся. І кожны чалавек на кожным кантынэнце зь лёгкасьцю засвойваў інфармацыю пра нашу краіну, яе людзей і іхныя пакуты. Былі б там хітраспляценьні думкі ці стылю — гэта маглі б ацаніць інтэлектуалы, даведаўшыся такім чынам пра Натальлю і Алеся, але не пра беларускі народ, захоплены ў шчэлепы русыфікацыі. Цяпер жа ўсе зразумелі, што Беларусь у турме і што Бяляцкі — гэта і ёсьць сугучная ягонаму імені Беларусь.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.