Беларусь на гэтым тыдні паведаміла ААН, што згодна без папярэдніх умоваў на транзыт празь яе тэрыторыю ўкраінскага збожжа для наступнага экспарту з партоў у Літве, аднак зноў папрасіла дазволу на экспарт сваіх угнаеньняў, якія патрапілі пад санкцыі.
— Я думаю, гэта пастка. Гэта пастка, у якую хочуць прывабіць і паказаць, што вось Захад зноў паводзіць сябе непасьлядоўна, ня можа дамовіцца аб санкцыях, — сказаў журналістам у суботу Науседа, камэнтуючы прапанову Беларусі.
Ён назваў ініцыятыву Менска «старой песьняй, якую мы даўно ўжо чуем» і сказаў, што Беларусі не давярае і сама Ўкраіна.
— Як ёй можна давяраць, калі яна дазваляе расейцам рабіць на сваёй тэрыторыі ўсё, што ім хочацца?, — сказаў прэзыдэнт Літвы.
Віцэ-міністар замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч на гэтым тыдні абмеркаваў пытаньне экспарту ўкраінскага збожжа з генсекам ААН. Амбразевіч таксама «паўтарыў просьбу свайго ўрада, дазволіць экспарт беларускіх угнаеньняў, якія зараз знаходзяцца пад санкцыямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь згодная на транзыт украінскага збожжа «без папярэдніх умоваў», але з адной просьбай