10 сьнежня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале зьявіўся тэкст закону «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». Закон набывае моц з моманту апублікаваньня. Расказваем, што ў ім.
У адпаведнасьці з 2 артыкулам закону, могуць «вызваліць ад крымінальнай адказнасьці і спыніць папярэдняе расьсьледаваньне ў справах, якія знаходзяцца ў вядзеньні органаў крымінальнага перасьледу, і вядзеньне па крымінальных справах, не разгледжаных судамі, аб злачынствах, учыненых да ўступленьня ў сілу закону».
Пад дзеяньне амністыі падпадаюць наступныя катэгорыі асуджаных:
- непаўналетнія,
- пэнсіянэры,
- цяжарныя жанчыны,
- адзінокія мужчыны і жанчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей, калі яны зьдзейсьнілі злачынства ня супраць дзіцяці,
- інваліды I і II групы;
- хворыя на сухоты, на рак ІІ, ІІІ і IV клінічнай групаў, ВІЧ-інфікаваныя з 3-й і 4-й стадыямі захворваньня,
- воіны-інтэрнацыяналісты, а таксама асобы, якія атрымалі раненьне ў войску ці іншых сілавых структурах,
- пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС ці іншых радыяцыйных аварый.
Таксама амністыя прадугледжваецца для
- асобаў, асуджаных з адтэрміноўкай ці ўмоўным непрымяненьнем пакараньня ці безь яго прызначэньня,
- калі яны зьдзейсьнілі злачынствы, якія ня маюць вялікай грамадзкай значнасьці,
- асобаў, якія зьдзейсьнілі менш цяжкія злачынствы і адбылі чвэрць тэрміну пакараньня,
- тых, каму прызначана пакараньне ў выглядзе арышту.
На адзін год могуць скараціць пакараньне «хімікам» і асуджаным да пазбаўленьня волі, а таксама вызваленым умоўна-датэрмінова і тым, каму калёнію замянілі на «хімію» ці «хімію» — на грамадзкія працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі, палітвязьні пад яго не падпадаюцьПалітвязьняў амністыя не закране. У тэксьце закону пералічаны цэлы шэраг «палітычных» артыкулаў «экстрэмісцкай і тэрарыстычнай скіраванасьці», на якія не распаўсюджваецца дзеяньне Закона. У прыватнасьці, гэта арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці»), 293 («Масавыя беспарадкі»), 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»), 368 (Абраза Лукашэнкі), 369 («Зьнявага прадстаўніка ўлады»).
Таксама закон не закране асуджаных за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, асуджаных на 12 гадоў пазбаўленьня волі і больш, таксама тых, хто на момант падпісаньня закону не кампэнсаваў прычыненую шкоду, і злосных парушальнікаў парадку адбываньня пакараньня.
Згодна з праектам закону, улады плянавалі вызваліць каля 4,5 тысячы асуджаных, у тым ліку зь месцаў пазбаўленьня волі — 1600, зь іх 10 непаўналетніх, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу («хіміі») — 500, з крымінальна-выканаўчых інспэкцый — 2,5 тысячы, а таксама скараціць тэрмін на адзін год практычна 4 тысячам асуджаных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая амністыя — не для палітвязьняў. Чаканьні людзей ня спраўдзіліся», — кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амністыя-2022: Што пайшло ня так ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая амністыя — не для палітвязьняў. Чаканьні людзей ня спраўдзіліся», — кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту