Чаму ўлады не пайшлі насустрач Бяляцкаму, каб атрымаць палітычныя дывідэнды. Ці здолеў Бяляцкі перадаць пасланьне ўдзельнікам цырымоніі ў Осла. Куды пойдуць грошы ад прэміі. І ці справядліва ўручаць яе беларусам, калі яны не перамаглі дыктатуру. На пытаньні Радыё Свабода адказвае ўдзельнік беларускай «нобэлеўскай дэлегацыі», праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч.
Сёньня а 15 гадзіне менскага часу ў Осла адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру. Алеся Бяляцкага на ўрачыстасьці прадставіць яго жонка Натальля Пінчук, а таксама яго сябры і калегі.
Праваабаронца і публіцыст Уладзімер Хільмановіч, які ўваходзіць у беларускую «нобэлеўскую дэлегацыю» называе яе прадстаўнічай. Натальлю Пінчук суправаджае сябра сям’і Бяляцкага, дырэктар Радыё Рацыя Яўген Вапа.
Таксама разам з Натальляй Пінчук у Осла знаходзіцца Марына Адамовіч, жонка палітыка і палітвязьня Міколы Статкевіча. На нобэлеўскай цырымоніі будуць прысутныя і калегі Бяляцкага па праваабарончым цэнтры «Вясна», у тым ліку і тыя, зь якімі ён ствараў гэтую арганізацыю. Беларускія праваабаронцы знаходзяцца ў Осла ўжо некалькі дзён. Тут іх адбываліся сустрэчы з Хэльсінскім камітэтам, з прадстаўнікамі парлямэнту Нарвэгіі, розных міністэрстваў. Ёсьць і культурная праграма, у якой, напрыклад, наведваньне Музэя Эдварда Мунка і музычнага канцэрту.
Падчас цырымоніі, у якой возьме ўдзел і кароль Нарвэгіі Гаральд V, Натальля Пінчук будзе прадстаўляць Алеся Бяляцкага і выступіць ад яго імя з нобэлеўскай лекцыяй. У гісторыі эўрапейскіх нобэлеўскіх ляўрэатаў гэта другі такі выпадак. У 1983 годзе свайго мужа ў Осла прадстаўляла жонка Леха Валэнсы Данута.
«Калі прэмію атрымала Аун Сан Су Чжы зь М’яны, то яны прынамсі выпусьцілі пад хатні арышт. Нават у часы гітлераўскай Нямеччыны ляўрэату нобэлеўскай прэміі зьмянілі рэжым утрыманьня. Была надзея, што рэжым утрыманьня зьменяць і Алесю, але на дадзены момант мы нічога пра гэта ня ведаем. Перамовы прадстаўнікоў улады з прадстаўнікамі розных міжнародных арганізацый безумоўна былі. Мы маем непацьверджаную інфармацыю, што з Уладзімерам Макеем магчыма размаўлялі на гэтую тэму. Гаворка ішла пра зьмякчэньне рэжыму і магчымасьць выступу. Але відаць, да нейкіх канструктыўных і прымальных рашэньняў не дайшло», — кажа Хільмановіч.
Паводле яго, тэарэтычна Бяляцкаму маглі б дазволіць выступіць праз Skype. На думку Хільмановіча, уладам такі крок мог бы прынесьці на Захадзе палітычныя дывідэнды, але замінае гэтаму палітычная залежнасьць ад Крамля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падтрымаць Алеся Бяляцкага: расказваем, дзе ў розных краінах глядзець онлайн-трансьляцыю ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру«Цягам апошняга паўгоду гэтая залежнасьць істотна ўзрасла. Раней улады маглі раіць пэўныя захады, каб палепшыць свае адносіны з заходнімі ўрадамі. А цяпер нават пры жаданьні яны ня могуць зьмяніць рэжым утрыманьня ляўрэату нобэлеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму, бо такое пытаньне вырашаецца хіба ня ў Менску», — лічыць праваабаронца.
Сваю нобэлеўскую лекцыю Натальля Пінчук пабудавала цалкам на цытатах мужа. Нядаўна ў іх адбылося спатканьне ў СІЗА і Бяляцкім змог перадаць ёй некалькі сваіх думак і пажаданьняў для прамовы.
«У значнай ступені гэту будзе выступ самога Алеся Бяляцкага. Калі б Алесь сам быў у Осла, то я перакананы, што найперш бы ён уздымаў тэму палітвязьняў. Нават калі б яго вызвалілі, то за кратамі застаюцца ягоныя сябры, паплечнікі, знаёмыя, больш тысячы іншых беларусаў, якіх кінулі за краты за іх перакананьні». — кажа Хільмановіч.
Ён дадае, што праца праваабарончай арганізацыі «Вясна», нягледзячы на тое, што яе кіраўніцтва за кратамі, працягваецца. Але пераважная частка валянтэраў арганізацыі знаходзяцца ў замежжы. Тым ня менш, кансультацыйная і іншая дапамога «Вясны» вядзецца надалей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі ідзе вайна іншага кшталту». Што сказала на прэсавай канфэрэнцыі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру жонка Алеся Бяляцкага. ВІДЭА«„Вясна“ не спыніла сваю дзейнасьць. Магчыма яна зьнікла з публічна-інфармацыйнага поля, але працуюць усе „вясноўскія“ сайты і там адлюстроўваюцца рэпрэсіі і дапамога людзям. Але працаваць усё складаней і складаней. І таму нобэлеўская прэмія — гэта маральная сатысфакцыя для людзей, якія яшчэ ў 1980-я гады разам з Алесем Бяляцкім пачыналі нацыянальнае адраджэньне і змаганьне за правы чалавека».
Хільмановіч называе «нобэль» для Бяляцкага «актам гістарычнай справядлівасьці» для некалькіх пакаленьня беларусаў, якія некалькі апошніх дзесяцігодзьдзяў змагаюцца за ўсталяваньне законнасьці і абарону грамадзян ад дзяржавы.
«Спадзяюся, што прэмія надасьць штуршок для зьяўленьня новых у тых вельмі неспрыяльных варунках, якія цяпер існуюць, каб бараніць правы чалавека і змагацца за справядлівасьць», — кажа праваабаронца.
Пакуль невядома, на што будзе выдаткаваная грашовая частка прэміі. Гэтым разам мільён эўра будзе падзелены паміж трыма ляўрэатамі. Але ведаючы Бяляцкага, Хільмановіч упэўнены, што пераважная частка пойдзе на дапамогу рэпрэсаваным і палітвязьням.
На пытаньне, ці справядлівая прэмія беларускім праваабаронцам, калі ў краіне амаль 30 год пануе аўтарытарны рэжым і дзе сытуацыя з кожным днём пагаршаецца, Хільмановіч адказаў:
«Тыя людзі, якія 30 гадоў свайго жыцьця паклалі на нацыянальнае адраджэньне і правы чалавека, ня ёсьць няўдачнікамі, якія ўсё прайгралі. Па-першае, гэтае змаганьне трывае далей. Па-другое, ёсьць пераемнасьць. Калі б не Алесь Бяляцкі і іншыя людзі зь ягонага пакаленьня, то мяркую, што не было б такога пакаленьня, якое ў значнай ступені арыентавалася на аўтарытэт гэтых людзей і брала зь іх прыклад, і годна працягвае іх традыцыі. Хочацца, безумоўна, каб новае пакаленьне дамаглося большага. Ёсьць цэлы пласт новых і актыўных людзей у грамадзкім сэктары, якія прыйшлі змагацца за правы чалавека і нацыянальнае адраджэньне. Гэта абнадзейвае».
Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з украінскім «Центром громадянських свобод» і расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемориал».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла кніга «Алесь Бяляцкі на Свабодзе». Электронная вэрсія ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гаворыць, што думае, і жыве так, як гаворыць». Нобэлеўскія ляўрэаткі з Расеі і Ўкраіны — пра Бяляцкага