Адпаведнае рашэньне прыняў міністар унутраных справаў Латвіі Крыстапc Экланс, разгледзеўшы прапанову Службы дзяржаўнай бясьпекі. Цягам месяца Карасьцялёў мае права абскардзіць прынятае наконт яго рашэньне.
У экс-вядоўцы «Дождя» няма латвійскага дазволу на жыхарства (ён жыве ў Грузіі. — НВ), і прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці ў Латвіі нельга. Таму СДБ Латвіі рэкамэндавала МУС уключыць Карасьцялёва ў «чорны сьпіс» асобаў, якім забаронены ўезд у краіну.
Прычынай такіх мераў сталі выказваньні журналіста аб забесьпячэньні расейскіх змабілізаваных, зробленыя ім 1 сьнежня ў перадачы на тэлеканале «Дождь». У СДБ вырашылі, што яго словы можна расцэньваць як заклік аказваць матэрыяльную падтрымку расейскім змабілізаваным, якія прымаюць удзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.
Восьмага сьнежня Эстонія ўсьлед за Латвіяй і Літвой спыніла трансьляцыю каналу «Дождь» у краіне. Шостага сьнежня Нацыянальная рада электронных сродкаў масавай інфармацыі (NEPLP) Латвіі анулявала ліцэнзію на трансьляцыю тэлеканалу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто не патрабаваў ад „Дождя“ невыканальнага — толькі трымацца латвійскіх законаў». Кіраўнік NEPLP аб пазбаўленьні тэлеканалу ліцэнзіі