Сёлета ляўрэатамі прэміі за абарону правоў чалавека, заснаванай уладамі нямецкага гораду Ваймару, сталі праваабаронцы з Расеі і Беларусі — Ірына Шчарбакова і Вольга Карач.
Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.
Прэмія будзе ўручана ў Дзень правоў чалавека, які адзначаецца 10 сьнежня. Яе грашовы памер складае 5000 эўра.
73-гадовая гісторык і германістка Ірына Шчарбакова — сузаснавальніца расейскай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял», уганараванай сёлета Нобэлеўскай прэміяй міру разам з праваабаронцамі з Украіны і Алесем Бяляцкім зь Беларусі. 10 сьнежня яна будзе ў Осла на цырымоніі ўручэньня прэміі. Шчарбакова пакінула Расею пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Палітык, кіраўніца міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом», праваабаронца, 43-гадовая Вольга Карач цяпер жыве ў Літве. Ваймарскую прэмію яна, як чакаецца, атрымае асабіста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Карач: Калі мы не заклікаем на вуліцы, то навошта ўвогуле кудысьці заклікаць?