Цалкам інтэрвію глядзіце на відэа. Ніжэй прыводзім некаторыя выказваньні Вольгі Карач.
Чаму ідэя псаваць бюлетэні бессэнсоўная
- Лукашэнка — нелегітымны прэзыдэнт, і ён ня мае права праводзіць рэфэрэндумы або выбары.
- Мы просім палітыкаў на Захадзе не прызнаваць Лукашэнку прэзыдэнтам і прызнаць яго тэрарыстам. А пасьля заклікаем людзей прыходзіць на ягоны рэфэрэндум. Тут нешта ня так зь лёгікай.
- Прапанова па рэфэрэндуме, якую агучылі Латушка і Ціханоўская, — гэта сказаць А і не сказаць Б. Калі мы мабілізуем людзей, то павінны сказаць, куды іх мабілізуем. Незразумела, што рабіць пасьля.
- Пасьля жніўня 2020 году ня будзе ніякіх ананімных тэлеграм-каналаў, за якімі пойдуць людзі. Людзі чакаюць лідэраў. Калі ня будзе закліку ад лідэраў выходзіць на вуліцу, то ніхто ня пойдзе.
- Усё гэта скончыцца яшчэ большым расчараваньнем і рэпрэсіямі.
- Ісьці на рэфэрэндум ёсьць сэнс тады, калі пасьля заклікаць людзей выходзіць на пратэсты. Ці гатовыя Латушка і Ціханоўская ўзяць на сябе гэтую гістарычную ролю, каб заклікаць будаваць барыкады?
Чаму байкот лепшы
- Байкот — гэта не сядзеньне на канапе, як многія думаюць. Больш слушна казаць пра блякаду рэфэрэндуму.
- У стратэгіі зрыву рэфэрэндуму таксама ёсьць слабыя месцы, менавіта ў другой частцы. Бо незразумела, ці гатовае грамадзтва выходзіць на вуліцы.
- Трэба прадумаць крокі, каб сарваць рэфэрэндум. Ён не павінен адбыцца.
- Калі мы не заклікаем на вуліцы, то навошта ўвогуле кудысьці заклікаць?
Чаму рэфэрэндум небясьпечны
- Мы павінны разглядаць гэты рэфэрэндум як частку акупацыі Беларусі Крамлём.
- Пуцін бярэ пад кантроль беларускія вайсковыя сілы. Далей Крэмль возьме пад кантроль валюту і фінансы. Ідзе гібрыдная акупацыя Беларусі.
- Рэфэрэндум вяртае Лукашэнку ўмоўную легітымнасьць. Гэта нешта кшталту рэбрэндынгу.
- Крамлю важна, каб акупацыя прайшла ціха, каб беларускае грамадзтва пагадзілася.
- Пасьля рэфэрэндуму Лукашэнка атрымае пэўнае права праводзіць новыя выбары. Ва ўмовах Беларусі яны прывядуць да таго, што там будуць прарасейскія сілы.
- Нашая барацьба павінна трансфармавацца з барацьбы за правы чалавека ў барацьбу за незалежнасьць, якая ў сябе ўключае і правы чалавека, і права народу на свой шлях.
- Нашыя стратэгічныя партнэры — ЭЗ і Ўкраіна.
- Латушка і Ціханоўская бачаць Пуціна мэдыятарам усіх унутрыпалітычных працэсаў. Але немагчыма зьвяртацца да Пуціна і будаваць адносіны з Украінай. Ідзе палярызацыя. Трэба быць або тут, або там. Няма нічога паміж.