Падчас уручэньня прадстаўнікі арганізацыі адзначылі: «Мы верым, што гэтая цяжкая праца рана ці позна прынясе плён як для нас, так і для ўсёй дэмакратычнай Беларусі. Наша барацьба ня скончаная і будзе працягвацца, пакуль апошні палітвязень ня выйдзе на волю, а справядлівасьць не адновіцца. І мы можам гарантаваць, што праваабаронцы прыйдуць на дапамогу ў патрэбны час, калі нарэшце наступяць незваротныя зьмены».
«Тульпан правоў чалавека» — штогадовая прэмія ўраду Нідэрляндаў, якой узнагароджваюць праваабаронцаў у падтрымку іх працы. Пераможца атрымлівае бронзавы тульпан і 100 000 эўра. Гэтыя грошы і міжнародная вядомасьць, якую стварае прэмія, дапамагаюць пераможцу працягваць і пашыраць намаганьні ў галіне правоў чалавека. Прэмія ўручаецца штогод, пачынаючы з 2008 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі на Свабодзе: «Узровень рэпрэсіяў проста зашкальвае, улады размаўляюць з народам на мове гвалту»- Праваабарончы цэнтар «Вясна» заснаваны ў 1996 годзе падчас масавых пратэстаў дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Цяпер «Вясна» займаецца маніторынгам сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і спрыяньнем дэмакратыі і правоў чалавека. Праваабаронцы «Вясны» таксама змагаюцца за індывідуальныя правы, у тым ліку палітычных вязьняў. З 2003 году арганізацыя пазбаўлена магчымасьці працаваць у Беларусі легальна.
- Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, зараз зьняволены, уганараваны ў 2022 годзе Нобэлеўскай прэміяй міру.