Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што з 12 сьнежня эўра выключаюць з кошыку валют. Ягоную долю зойме расейскі рубель, адпаведна, ягоная доля ў кошыку валют будзе складаць 60%.
З 15 ліпеня 2022 году валютны кошык складаўся наступным чынам: расейскі рубель — 50%, даляр — 30%, эўра — 10%, кітайскі юань — 10%.
Цяпер жа ён выглядае так: расейскі рубель — 60%, даляр — 30%, кітайскі юань — 10%. Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, гэта сьведчыць пра канец пэрыяду дывэрсыфікацыі гандлю, калі ўлады Беларусі імкнуліся гандляваць у роўнай меры і з Расеяй, і з ЭЗ.
«Гэта сымбалічнае дзеяньне, якое сымбалізуе кепскія рэчы, але само па сабе нічым не пагражае. Палітыка дывэрсыфікацыі экспарту, якая існавала да 2020 году, афіцыйна скончаная, і ніхто не спадзяецца да яе вярнуцца. Калі гандаль з ЭЗ скарачаецца, а з Расеяй расьце, то эўра ў кошыку не такі важны», — кажа Леў Львоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менскі рэжым зарабляе на вайне», — эканаміст Раманчук«Усе краіны намагаюцца дывэрсыфікаваць свой гандаль»
Таксама Леў Львоўскі адзначае, што гандаль з адной краінай рызыкоўны, бо калі ў гэтай краіне здараецца крызіс, ён здараецца і ў партнэра.
«У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта не абяцае нічога добрага. Калі вы гандлюеце з адной краінай і там здараецца крызіс, то ён здараецца і ў вас. Усе краіны імкнуцца дывэрсыфікаваць свой гандаль. Расея ёсьць агрэсарам, на яе накладзеныя сур’ёзныя санкцыі. Гэта значыць, што Расея будзе стагнацыйнай эканомікай. Беларусь павялічыла там сваю долю, але доля на стагнацыйным рынку пагаршае пэрспэктывы. Гандляваць добра з рынкамі, якія растуць. Калі эканоміка Расеі ня будзе расьці, беларускі экспарт, адпаведна, ня будзе павялічвацца», — папярэджвае Леў Львоўскі.
- За сёлетні жнівень ЭЗ закупіў тавараў у Беларусі на 212 мільёнаў эўра, вынікае з эўрапейскай статыстыкі. Гэта ў 2,4 раза менш, чым, напрыклад, у студзені. Са студзеня па жнівень ЭЗ набыў у Беларусі тавараў на 2,8 мільярда эўра.
- Экспарт у краіны СНД зь Беларусі за 9 месяцаў сёлета склаў 18,1 мільярда даляраў. Летась за такі ж пэрыяд — 18,3 мільярда даляраў. Асноўны пакупнік беларускіх тавараў у СНД — Расея.