Спаўняецца два гады ініцыятыве «Народныя амбасады Беларусі». Пяць фактаў пра іх дзейнасьць

Народныя амбасады Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі ўдзельнічалі ў якасьці афіцыйнай дэлегацыі ад Беларусі, якую ўзначальваў Павал Латушка, на ўрачыстай цырымоніі на гадавіну вызваленьня лягеру Маўтгаўзен. 15 траўня 2022 году

10 сьнежня 2022 году спаўняецца два гады ініцыятыве беларускай дыяспары «Народныя амбасады Беларусі». Прадстаўнік народнай амбасады Беларусі ў Нямеччыне Міхаіл Таўбэ расказаў Свабодзе пра дзейнасьць народных амбасадаў у сьвеце і пра новыя пляны.

1. Кім і калі створаныя народныя амбасады

Паводле Міхаіла Таўбэ, пад канец восені 2020 году стала зразумела, што ў сьвеце не хапае інфармацыі пра падзеі ў Беларусі і што афіцыйныя амбасады Рэспублікі Беларусь больш ня могуць паўнавартасна выконваць свае абавязкі і прадстаўляць інтарэсы беларускага народу.

10 сьнежня 2020 году было адкрыта 15 першых народных амбасадаў Беларусі ў розных краінах сьвету. Іх стварылі пераважна актывісты беларускай дыяспары, якія пераехалі за мяжу значна раней за тую хвалю эміграцыі, якая пачалася пасьля падзеяў лета-восені 2020 году.

У дэклярацыі пра стварэньне амбасадаў сьцьвярджалася, што беларусы замежжа

«не прызнаюць выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня легітымнымі, а Аляксандра Лукашэнку абраным прэзыдэнтам згодна з вынікамі міжнародных экзыт-полаў, незалежнага назіраньня ў Беларусі, справаздачы АБСЭ пра фальсыфікацыі, афіцыйнымі заявамі ЭЗ, Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады й іншых дэмакратычных краін» і «асуджаюць шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць мірных грамадзянаў з мэтай незаконнага ўтрыманьня ўлады й падтрымліваюць патрабаваньні жыхароў Беларусі: вызваленьне ўсіх палітвязьняў і незаконна затрыманых, спыненьне гвалту й пакараньне адказных за яго, правядзеньне новых выбараў».

2. Колькі ў сьвеце дзейнічае народных амбасадаў

Паводле афіцыйнага сайту ініцыятывы belarusabroad. org, сёньня народныя амбасады і консульствы дзейнічаюць у 20 краінах сьвету (У Вялікай Брытаніі ёсьць амбасада і консульства):

Аўстрыі,
Бразыліі,
Вялікай Брытаніі,
Гішпаніі,
Ізраілі,
Італіі,
Канадзе,
Літве,
Люксэмбургу,
Нідэрляндах,
Нямеччыне,
Партугаліі,
Паўднёвай Карэі,
Польшчы,
Славеніі,
Украіне,
Францыі,
Чарнагорыі,
Шатляндыі,
Швэцыі,
Эстоніі.

Яны маюць свае старонкі ў Фэйсбуку, Твітэры і іншых сацыяльных сетках.

3. Чым народныя амбасады займаюцца

Характар працы народных амбасадаў, паводле Міхаіла Таўбэ, розны:

«Мы працуем бяз вонкавага фінансаваньня і рэсурсаў на абсалютна валянтэрскіх пачатках. Таму аб’ём і характар працы народных амбасадаў розьніцца ад краіны да краіны. Недзе гэта інфармацыйная праца і падтрымка нашых інфацэнтраў. А недзе амаль паўнавартасная дыпляматычная праца з пастаяннымі кантактамі ў мясцовых МЗС і прадстаўнікамі розных палітычных сілаў», — кажа Міхаіл.

Многія народныя амбасады аказваюць дапамогу новым эмігрантам зь Беларусі ў афармленьні дакумэнтаў. Гэта часта адбываецца, паводле Міхаіла Таўбэ, у супрацоўніцтве са старымі эмігранцкімі арганізацыямі, калі такія ёсьць у краінах знаходжаньня народных амбасадаў.

Народная амбасада Беларусі ў Швэцыі праводзіць афіцыйную цырымонію шлюбу. 16 кастрычніка 2021 году.

Яшчэ адзін кірунак дзейнасьці — дапамога ў арганізацыі візытаў у краіны знаходжаньня народных амбасадаў кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, яе намесьніка і кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі ды іх калегаў.

«Шмат увагі нашымі прадстаўнікамі ўдзяляецца і сустрэчам зь мясцовымі палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі і журналістамі, — кажа Міхаіл. —Прадстаўнікі народных амбасадаў даюць інтэрвію мясцовым СМІ, бяруць удзел у канфэрэнцыях і рассылаюць навінныя дайджэсты аб падзеях у Беларусі ў замежныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы, якія існуюць у краінах знаходжаньня народных амбасадаў».

Народная амбасада Беларусі ў Нямеччыне афіцыйна прадстаўляла разам з Паўлам Латушкам Беларусь на 77-й гадавіне вызваленьня канцэнтрацыйных лягераў Бухэнвальд і Мітэльбаў-Дора. Быў ускладзены вянок з бел-чырвона-белай стужкай. Чырвона-зялёны сьцяг перад цырымоніяй быў заменены на бел-чырвона-белы. 10 красавіка 2022

4. Самаадукацыя

У рамках ініцыятывы «Народныя амбасады Беларусі» працуе Школа народнага дыплямата.

«У рамках школы да нас прыходзяць розныя лектары, якія вучаць нас, як трэба працаваць, на чым менавіта трэба канцэнтравацца і як нам паляпшаць сваю працу. Цяпер мы працуем над пашырэньнем тэматычнага абсягу і кола саміх лектараў», — кажа Міхаіл Таўбэ.

5. Пляны ініцыятывы

На пытаньне пра пляны Міхаіл адказвае проста:

«Мы плянуем пашырацца геаграфічна. Зьбіраемся далей прыцягваць да сваёй працы актыўных беларусаў, якім было б цікава і якія могуць працаваць па нашых кірунках. Мы хочам пашырыць геаграфію знаходжаньня народных амбасадаў і ахапіць новыя дэмакратычныя краіны, каб мець магчымасьць лабіяваць беларускі парадак дня, даносіць праўдзівую інфармацыю і па магчымасьці ўплываць на сытуацыю ўнутры Беларусі».

Цяпер, кажа Міхаіл, актывісты ініцыятывы падвялі вынікі працы за два гады і зрабілі выснову, што яны недастаткова добра працавалі для інфармаваньня саміх беларусаў пра дзейнасьць народных амбасадаў. Пераважна інфармацыйныя высілкі ініцыятывы канцэнтраваліся на краінах знаходжаньня народных амбасадаў і на мовах тых краінаў.

Таму вырашана заснаваць свой тэлеграм-канал, чат для кантактаваньня і чат-бот для зваротнай сувязі, якія будуць працаваць на дзьвюх мовах — на беларускай і расейскай.

Старт тэлеграм-каналу заплянаваны на 10 сьнежня, калі ініцыятыве споўніцца два гады. Ён будзе публікаваць навіны пра дзейнасьць народных амбасадаў Беларусі.