Пытаньне ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў у летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы «патрабуе далейшага абмеркаваньня», заявіў прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах 7 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Выканаўчага камітэту арганізацыі.
«Абмеркаваньне працягваецца, няма фіксаванай даты», — цытуе кіраўніка МАК Reuters.
9 сьнежня адбудзецца саміт МАК, на якім будзе абмяркоўвацца ў тым ліку і пытаньне Расеі і Беларусі.
28 лютага, праз чатыры дні пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Некаторыя фэдэрацыі неўзабаве далі зразумець, што адзіным спосабам для Масквы і Менску вярнуцца ў спорт стане вывядзеньне расейскіх войскаў з Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь плянуе абскардзіць рашэньне Міжнароднага Паралімпійскага камітэту ў нямецкім судзе16 кастрычніка стала вядома, што беларускія і расейскія спартоўцы ня змогуць удзельнічаць у Эўрапейскіх гульнях 2023 году, якія пройдуць у гарадах Польшчы.
У ліпені стала вядома, што ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі за напад Расеі на Ўкраіну і ролю Беларусі ў ваеннай агрэсіі, беларускія і расейскія спартоўцы рызыкуюць прапусьціць XXXIII летнія Алімпійскія гульні, якія пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 году. Напрыклад, мужчынскую і жаночую зборныя ў валейболе ўжо не дапусьцілі да кваліфікацыі на Гульні.
Пазьней Паралімпійскі камітэт прыпыніў сяброўства Беларусі ў арганізацыі.
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці выказваў надзею, што беларускім атлетам, якія асудзілі расейскую агрэсію, дазволяць выступіць на Алімпіядзе пад нэўтральным (алімпійскім) сьцягам, аднак пакуль няма зрухаў у гэтай справе, ніхто афіцыйна не заяўляў пра падрыхтоўку такой магчымасьці для беларускіх спартоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мроі пра «альтэрнатыўную Алімпіяду». Беларускі спорт задыхаецца ад санкцыяў