Прэзыдэнт Узбэкістану ўпершыню памілаваў больш за 400 зьняволеных, сярод якіх — удзельнікі забароненых у краіне арганізацый

UZBEKISTAN-SCO/

Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў у гонар 30-годзьдзя прыняцьця Канстытуцыі краіны памілаваў 402 асуджаных, сказана ў паведамленьні прэс-службы кіраўніка дзяржавы.

Сваім указам Мірзіёеў памілаваў, у тым ліку, 17 замежнікаў, 63 жанчыны, 26 мужчын старэйшых за 60 гадоў, а таксама 19 чалавек, якія адбываюць пакараньне за ўдзел у дзейнасьці забароненых арганізацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Узбэкістану прапанаваў рэфэрэндум аб папраўках да Канстытуцыі: адлік ягоных прэзыдэнцкіх тэрмінаў мае пачацца з нуля

Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўзбэкістану Шэрзод Асадаў у камэнтары выданьню «Газета.uz» падкрэсьліў, што «ўпершыню ў гісторыі незалежнага Ўзбэкістану адразу будуць памілаваныя больш за 400 асуджаных, якія ўсталі на шлях выпраўленьня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўзбэкістане ангельская мова стане абавязковай пры паступленьні ў ВНУ

У сакавіку сёлета ў гонар сьвята Наўруз прэзыдэнт Узбэкістану памілаваў 75 зьняволеных, сярод якіх дзевяць чалавек, што адбывалі пакараньне за ўдзел у забароненых у краіне арганізацыях. А роўна год таму Шаўкат Мірзіёеў у гонар сьвяткавання дня Канстытуцыі падпісаў указ аб амністыі 182 асуджаных.