«Я думаю, што калі мы правядзём канстытуцыйную рэформу праз рэфэрэндум, абапіраючыся на думку і падтрымку нашых грамадзян, то гэта будзе волевыяўленьнем нашага народу — сапраўдная народная Канстытуцыя», — заявіў Мірзіёеў.
Яго працытаваў у сваім тэлеграм-канале прэсавы сакратар кіраўніка дзяржавы Шэрзод Асадаў.
Мірзіёеў патлумачыў, што зьмены Канстытуцыі выкліканыя «цяперашнім небясьпечным часам і складанай сытуацыяй».
Прэзыдэнт Узбэкістану заявіў, што ў камісію па ўнясеньні зьменаў у Канстытуцыю паступіла 48 492 прапановы ад грамадзян краіны.
На сустрэчы Шаўкат Мірзіёеў таксама паведаміў, што падчас абмеркаваньняў паправак да Канстытуцыі «некаторыя грамадзяне прапануюць аднавіць сьмяротнае пакараньне і зноў увесьці яго ў крымінальнае заканадаўства».
Камэнтуючы такія прапановы, Мірзіёеў сказаў, што ён супраць аднаўленьня пакараньня сьмерцю, і прапанаваў унесьці ў Канстытуцыю «яшчэ адну важную норму аб тым, што пакараньне сьмерцю ва Ўзбэкістане забаронена».
Мірзіёеў ня стаў камэнтаваць абмеркаваньне ў сацсетках і ў міжнародных СМІ таго, што ягоны папярэдні прэзыдэнцкі тэрмін «абнуліцца» пасьля ўнясеньня паправак у Канстытуцыю і ён зможа балятавацца на трэці тэрмін.
- Раней першы намесьнік старшыні Олій Мажлісу (верхняй палаты парлямэнту Ўзбэкістану) Садык Сафаеў заявіў журналістам, што ўнясеньне зьменаў у Канстытуцыю краіны дазволіць Мірзіёеву зноў удзельнічаць у выбарах кіраўніка дзяржавы.
- Канстытуцыю Ўзбэкістану прынялі 8 сьнежня 1992 году на сэсіі Вярхоўнага Савету. За мінулы час у Асноўны закон папраўкі ўносіліся 15 разоў.
- З ініцыятывай унесьці зьмены ў Канстытуцыю краіны Мірзіёеў выступіў у сьнежні 2021 году.