Пакараньне сьмерцю адбылося ў правінцыі Герат у прысутнасьці намесьніка прэм’ер-міністра Афганістана Абдула Гані Барадара, некалькіх міністраў і сотняў гледачоў. Катам стаў бацька ахвяры, які асабіста расстраляў забойцу.
У лістападзе вярхоўны лідэр «Талібана» Хайбатула Ахундзада загадаў аўганскім судзьдзям кіравацца законамі шарыяту пры правядзеньні судоў і вынясеньні прысудаў. Гэта азначае публічныя пакараньні, забіваньне камянямі, адсяканьне галоў і канцавін у якасьці пакараньняў за злачынствы.
Па заяве Вярхоўнага суду Афганістана, у лістападзе публічна вылупцавалі 19 чалавек, прызнаных вінаватымі ў розных злачынствах, у іх ліку дзевяць жанчын. Офіс правоў чалавека ААН рэзка асудзіла такі від пакараньня і заклікала неадкладна спыніць публічныя лупцоўкі.
Нягледзячы на тое, што пасьля вяртаньня да ўлады ў жніўні мінулага году «Талібан» абяцаў больш мяккае кіраваньне, чым у 1990-х, ён вяртаецца да рэжыму тэакратычнай дыктатуры. З моманту прыходу «Талібану» да ўлады ў Аўганістане летась у СМІ і сацыяльных сетках зьяўляліся кадры публічных пакараньняў правапарушальнікаў — іх білі палкамі. Паліцыя «Талібану» таксама выстаўляе на публічны агляд целы злачынцаў, якія, як заяўляецца, загінулі пры затрыманьні.
Урад талібаў рэпрэсуе афганцаў, якія раней працавалі на дысьлякаваныя ў краіне вайсковыя часткі NATO і міжнародныя арганізацыі або супрацоўнічалі зь імі, напрыклад у якасьці кіроўцаў або пазаштатных перакладчыкаў. Таксама ў Афганістане рэзка абмежавалі правы жанчын на адукацыю, працу, грамадзкую дзейнасьць і свабоднае перамяшчэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ўладам сьмяротнае пакараньне за «здраду дзяржаве», калі рэпрэсіўная машына і так працуе паводле сталінскіх узораў