Законапраект прадугледжвае ўвядзеньне сьмяротнага пакараньня паводле артыкулу аб здрадзе дзяржаве, зьдзейсьненай службовай асобай або вайскоўцам (ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэксу).
Як адзначылі ў Палаце прадстаўнікоў, рашэньне прынята для «стрымальнага ўзьдзеяньня на дэструктыўныя элемэнты» і «дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы законапраект: чыноўнікаў і вайскоўцаў прапануюць расстрэльваць за «здраду дзяржаве»Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда пракамэнтаваў магчымыя папраўкі ў заканадаўства.
«Мы бачым устойлівую тэндэнцыю на заканадаўчае пашырэньне магчымасьцяў прымяненьня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Пакуль што заканадаўчае, але ж ня выключна, што зможам убачыць і практычнае пашырэньне прымяненьня. На мой погляд, гэта сьведчыць аб некалькіх рэчах.
Па-першае, тое, што ўлады па-ранейшаму лічаць наяўнасьць сьмяротнага пакараньня стрымальным фактарам; фактарам, які, на іх думку, можа прадухіліць зьдзяйсьненьне пэўных непажаданых для ўладаў дзеяньняў.
Па-другое, зьвяртаем увагу на тое, хто зьяўляецца суб’ектамі гэтых зьменаў — дзяржаўныя службоўцы і грамадзяне са статусам вайсковага службоўца. Гэта сьведчаньне таго, што „гайкі закручваюцца“ ў адносінах „людей государевых“, як вельмі часта любяць сябе называць беларускія чыноўнікі і сілавікі. Тады як красавіцкія зьмены заканадаўства, зьвязаныя са сьмяротным пакараньнем, былі накіраваныя на больш шырокія масы і, хутчэй за ўсе, былі прадыктаваныя антываеннымі дзеяньнямі грамадзян Беларусі, у тым ліку і на дзеяньні так званых „рэйкавых партызанаў“.
Па-трэцяе, вельмі часта такія сур’ёзныя зьмяненьні ў заканадаўстве ёсьць яскравым індыкатарам працэсаў (іх глыбіні і масавасьці), якія адбываюцца ў грамадзтве і якія празь немагчымасьць у сёньняшніх умовах працы сацыялёгіі ў Беларусі схаваныя ад нас і нябачныя. Тое, пра што мы, праваабаронцы, увесь час „крычалі“, — што наяўнасьць і практыка прымяненьня сьмяротнага пакараньня — гэта вялікая праблема грамадзтва, якая датычыцца кожнага з нас, праяўляецца ў тым ліку і ў такіх заканадаўчых ініцыятывах, якія ў хуткім часе могуць быць рэалізаваныя на практыцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня: Беларусь разам з Іранам у эпіцэнтры крытыкіДагэтуль у Беларусі ў мірны час сьмяротнае пакараньне прымянялася за 12 катэгорый асабліва небясьпечных злачынстваў, у ваенны час — на некалькі больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сутнасьць беларуса — рускасьць». Як рэжым Лукашэнкі робіць зь дзяцей «патрыётаў»