Арганізатары шоп-тураў завабліваюць беларусаў танным начным рынкам у Беластоку, найбольшым ў Цэнтральнай Эўропе гандлёва-забаўляльным цэнтрам у Лодзі, магчымасьцю вакцынавацца замежнымі прэпаратамі і нават афармленьнем польскай карты ў банку Millennium.
Праўда, усе турыстычныя фірмы адразу папярэджваюць, што туры магчымыя толькі з шэнгенскай візай і страхоўкай, якая пакрывае выдаткі на ковід.
Шоп-туры ў суседнюю Польшчу да пандэміі былі даволі папулярнымі. Беларусы езьдзілі ў Беласток ці Варшаву па таньнейшыя прадукты, бытавую хімію, тэхніку. Больш за два гады гэты бізнэс меў вымушаны перапынак, зьвязаны з каранавіруснымі абмежаваньнямі. Падчас пандэміі паліцы крамаў накшталт «Востраву чысьціні» ці «Мілы» сталі ламіцца ад тавараў за прымальную цану. А ў менскіх ГУМе, ЦУМе ды іншых крамах зьніжкі ў асобныя дні даходзілі да 30%. Зараз сытуацыя зьмянілася. Паліцы апусьцелі, цэны імкліва вырасьлі, зьніжкі скасавалі. Але попыт нараджае прапанову. І некаторыя турыстычныя фірмы хутка зарыентаваліся.
Цэны тураў на шопінг у Польшчу пачынаюцца ад 100 рублёў. За правоз буйнагабарытнага багажу (пральная машына, духоўка, пасудамыйка) трэба даплаціць 50 рублёў. За дадатковую торбу таксама давядзецца заплаціць ад 20 рублёў. І нормаў увозу тавараў ніхто не скасоўваў: 31 кіляграм, на суму ня больш за 1000 эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На сям’ю зь пяці чалавек маем 1700 даляраў». Як у беларусаў з працай у ПольшчыШмат аб’яваў пра туры з памежных гарадоў — Берасьця і Горадні
Да прыкладу, берасьцейская турфірма «Знаходка» 10 сьнежня прапануе завезьці турыстаў мэтанакіравана ў даволі вялікі варшаўскі гандлёва-забаўляльны цэнтар Arkadia. Шопаголікам абяцаюць крамы вядомых брэндаў RTV Euro AGD, MediaMarkt, Carrefour, Dyson, Leroy Merlin, Zara, H&M, Adidas, Nike ды іншыя — усяго 208 крамаў.
Адпраўленьне зь Берасьця ад «Эўраопту» на Варшаўцы а 23.50. Праезд абяцаюць на камфартабэльным аўтобусе SETRA з двума кіроўцамі і бясплатным WiFi. Турфірма называе перавагі сваёй паслугі — напрыклад, афармленьне VAT. На многіх рэйсавых аўтобусах, у прыватнасьці, кампаніяў «Экалайнс», «Мінсктранс», вісяць абвесткі, што гэта можа быць немагчымым.
Нядаўна СМІ пісалі пра сумную гісторыю, калі кіроўца маршруткі Вільня — Менск кампаніі Expressbus не дачакаўся на мяжы дзьвюх жанчын, якія спрабавалі адзначыць Tax Free.
Арганізатары шоп-тураў абяцаюць дапамагчы правезьці буйнагабарытны тавар. Тут абмежаваньне толькі ў вазе — ня больш за 50 кг на чалавека.
Тарыфы наступныя: 100 беларускіх рублёў з чалавека, плюс даплата 20 рублёў за дадатковае месца багажу, 40 рублёў за буйнагабарытны багаж. Плюс камісія 25 рублёў.
Запыталіся ў турфірмы, ці ёсьць гарантыя хутка прайсьці межы і не затрымацца на некалькі гадзін. Уцямнага адказу не атрымалі. Маўляў, «спадзяемся на лепшае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У дарагія крамы мы ходзім проста паглядзець». Дзе цяпер апранаюцца беларусы?Акрамя шопінгу, можна вакцынавацца і нават аформіць польскую банкаўскую карту
Сталічная турфірма «Эканомім.by» аднаўляе шоп-туры ў Беласток. На сайце пішуць:
«Рэйсы выконваюцца як у даковідны час! Дадатковых дакумэнтаў, акрамя пашпарту зь візай і страхоўкай, ня трэба».
На сьнежань, пачынаючы зь 9-га дня, заплянавана 12 тураў. Выезды зь Менску, Барысава, Жодзіна, Смалявічаў. Абяцаюць прыпынкі каля крамаў duty free на мяжы. ахвоччыя ў Беластоку змогуць вакцынавацца заходнімі прэпаратамі Johnson & Johnson, BioNTech/Pfizer. Праўда, вакцынацыя магчымая толькі ў будзень.
Падчас паездкі можна таксама купіць авіятуры апэратараў Itaka, TUI з вылетамі з Варшавы, а таксама аформіць карту банку Millennium, як пазначана на сайце беларускай турфірмы.
Шопаголікаў прывабліваюць танным начным рынкам FASTY, супэрмаркетамі Selgros, Auchan і Makro, вялікімі гандлёвымі цэнтрамі Atrium Biała і Alfa. Гэтая ж турфірма паведамляе, што час вяртаньня ў Менск залежыць ад праходу мяжы, надвор’я і дарожных умоваў.
Цана туру — ад 100 беларускіх рублёў. За правоз буйнагабарытных рэчаў даплаціць 50 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У банках чэргі: расейцы адкрываюць карты Visa і Mastercard у БеларусіШопінг у Лодзі плюс культурная праграма
Менская турфіма «Экатур 6» 9 сьнежня запрашае паехаць маршрутам Менск — Варшава — Лодзь. Цана туру — 145 эўра плюс 80 беларускіх рублёў з начлегам у Варшаве. Два начныя пераезды.
Але гэта ня толькі на шопінг. У Варшаве абяцаюць бясплатныя аглядныя экскурсіі па Старым горадзе і парку Лазенкі. Ахвочыя за дадатковую плату змогуць наведаць заапарк, музэй Капэрніка, аквапарк і іншыя цікавыя месцы. Таксама прапануюць наведаць гандлёвыя цэнтры Arkadia і Złote Tarasy.
Начлег у Варшаве ў трохзоркавым гатэлі. Цана двух-трохмеснага нумару 120 эўра, аднамесны абыдзецца ў 145 эўра.
У Лодзі таксама заплянаваная аглядная экскурсія па горадзе. Што да шопінгу, ён прадугледжаны ў найбольшым у Цэнтральнай Эўропе забаўляльна-гандлёвым цэнтры Manufaktura з 250 крамамі і найбольшым у Эўропе 300-мэтровым фантанам.
Што да вяртаньня ў Менск, на сайце таксама пазначана, што час яго залежыць «ад праходжаньня мяжы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусам выжыць бязь візаў «на закупы»? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нагадвае любімую многімі Эўропу». Расейцы скупляюць туры ў Беларусь на сьвяты