«Няма альфабэту з „Ў“? Ды самі зробім!»
Сыну беларускі Ганны тры з паловай гады, хлопчык ходзіць у беларускамоўны садок. Самі бацькі размаўляюць па-беларуску, таму расейскамоўнае асяродзьдзе — невялікая праблема.
«Дзеці ў садку ў асноўным гавораць па-беларуску. У выхавальніц прыгожая, натуральная беларуская мова. Часам у сына праскокваюць расейскія словы — мульцікі ён глядзіць на абедзьвюх мовах, бо мы не ізалюем яго ад расейскай. Цяпер стала відавочна, што расейская мова для яго замежная, часам ён ня ведае значэньня слова па-расейску, але ведае, як гэта сказаць па-беларуску», — кажа Ганна.
Але ўсё адно сям’я сутыкаецца з дыскрымінацыяй, бо часта немагчыма знайсьці нешта разьвіцьцёвае для дзяцей па-беларуску.
«Неяк шукалі энцыкляпэдыю пра жывёльны сьвет з добрымі фота, быў толькі расейскі варыянт. Таму, калі чытаем, перакладаем адразу на беларускую. Галоўнае — не рабіць з гэтага праблему, — кажа Ганна. — Няма альфабэту на картках, каб літары вывучаць, з „Ў“? Ды самі зробім! Дзякуй выдавецтвам, цяпер шмат крутых дзіцячых кніжак, з кляснымі ілюстрацыямі. Таксама пераклады мульцікаў на родную мову ёсьць».
Родныя Ганны ставяцца добра да таго, што сына выхоўваюць па-беларуску.
«Яны самі трасяняць, малая радзіма — Горадзеншчына. Большасьць словаў у іх „рацыёне“ — беларускія. Адна сям’я (сябры майго мужа, знаёмыя з школы) ставяцца іранічна, ня лічаць, што гэта важна. Але калі мы прыходзім, яны захапляюцца нашым хлапчуком і ягонай мовай. Мяне трошкі гэта нэрвуе, бо ён жа ня нейкая навучаная малпачка. Але ў цэлым нічога».
Маці прыгадвае цікавы выпадак у парку атракцыёнаў.
«Мы неяк шпацыравалі з малым, да нас падышла жанчына і кажа: „Выбачайце, я вас тут падслухала трошкі, то хачу за родную мову падзякаваць, асабліва вашаму сынку. Шчыры дзякуй! Можаце катацца на чым хочаце, колькі заўгодна“. Мы пакаталіся на машынах, хаця было няёмка. Але мы бачылі, як яна хацела зрабіць прыемна. Ня ведаю, кім была гэтая жанчына, але яна проста падышла да мужчыны, які правярае квіткі, і нешта яму сказала, ён нас прапусьціў», — успамінае Ганна.
Сумных выпадкаў не было, кажа Ганна, толькі аднойчы ў касе ў краме рабілі выгляд, што не разумеюць беларускую мову.
Вось што раіць Ганна, каб вучыць дзетак беларускай мове:
«На VOKA TV ёсьць цэлы разьдзел беларускамоўных мульцікаў і кіно. „Аліса ў цудаземʼі“ — неймаверны прыклад агучваньня нашымі акторамі. „У пошуках Нэма“ вельмі любіць наш сын. Таксама раю вершы Канстанціна Севярынца, „Неверагодны сьвет“ Несьцярэнкі, цяпер вось чытаем „Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў“ Андрэя Скурко. Лёгка вучацца маленькія вершыкі Галіны Галавіной „Летняя азбука“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьвет выйшла кніга зь дзіцячымі вершамі журналіста Андрэя Скурко«Каб выхаваць дзіця беларусам, трэба самому ім быць»
Беларуска Алена разам з мужам жыве ў Польшчы. У сям’і тры хлопчыкі — дзесяці, сямі і двух гадоў.
«У 2019-м за адзін дзень перайшлі з мужам на беларускую. Да гэтага 5 гадоў па выходных размаўлялі па-беларуску і за мяжой. Мы прайшлі ўсе стадыі страху, сораму, таму „луплю“ па-беларуску і ўсё тут!» — сьмяецца Алена.
Старэйшаму сыну ў сям’і чыталі па-расейску і па-беларуску з трох гадоў, у выходныя размаўлялі на роднай мове.
«Лічу, што выхаваньне ідзе зь сям’і, таму мы не шукалі адмыслова беларускамоўных школаў і садкоў, ды і вазіць дзяцей туды было б цяжка. Сумна, калі ў 1-й клясе дзеці вучылі простыя беларускія словы, быццам ангельскія. Нягледзячы на тое, што мы ў сям’і размаўлялі па-беларуску, дзеці пераважна размаўлялі па-расейску, бо хадзілі ў расейскамоўныя школы і садкі. Але заўсёды без праблем пераходзілі на беларускую, калі трэба», — кажа Алена.
Дзядулі самі зь вёскі і вельмі падтрымліваюць размову на роднай мове, кажа Алена, бабулям цяжэй, але і яны стараюцца.
«Сябры досыць абыякавыя: хтосьці захапляецца, але сам пачаць не рашаецца. Толькі адзінкі пераходзяць на беларускую, з астатнімі так і размаўляем: яны па-расейску, а мы па-беларуску. Зьехалі зь Беларусі мы менавіта праз адукацыю.
Калі першага верасьня 2021 году мы ўбачылі ў холе нашай прыватнай школы, куды перавялі дзяцей у 2020-м, чырвона-зялёны сьцяг, зразумелі, да чаго ідзе. І заўважылі ў дзяцей падвойнасьць — у хаце яны такія, якія ёсьць, а ў школе і паўсюль мусяць стрымлівацца, каб чаго не сказаць», — тлумачыць Алена.
Вось, што раіць Алена, каб вучыць дзяцей па-беларуску.
«Каб выхаваць дзіця беларусам, трэба самому ім быць. Усё проста! Ведаць свае карані, гісторыю, чытаць кнігі, аналізаваць. Дарэчы, пасьля пераезду дзеці размаўляюць выключна па-беларуску, бо расейскае асяродзьдзе зьнікла. Я вельмі цешуся. Мы прывезьлі ўсе свае кнігі сюды. Расейскія кнігі чытаю ім адразу па-беларуску. Навучыла старэйшага пісаць беларускай лацінкай. Разам мы глядзім фільмы і мультфільмы з Baravik.org , „Казкі з Маляванычам“, дзеці слухаюць аўдыёкнігі з „Кніжнага Возу“, пампуем кнігі на Knihi.com , Kamunikat.org ».
Дзеці таксама займаюцца беларускай мовай і літаратурай з настаўнікамі з клюбу «Жэўжык». Таксама ёсьць такія заняткі ў гісторыі, краязнаўстве, культуры і мастацтве.
«Трэба быць больш упартымі»
Старэйшаму сыну беларускі Вольгі (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) 7 гадоў. Хлопчык гадаваўся ў беларускамоўным садочку, а ў першую клясу пайшоў у Польшчы, куды пераехалі бацькі.
«Важна не чакаць, што дзіця будзе моналінгвам, толькі беларускамоўным. У нас няма такога асяродку, каб дзіця паўсюль і заўсёды чула толькі беларускую мову, а ствараць гэта штучна — значыць абмяжоўваць, забараняць размаўляць з расейскамоўнымі дзецьмі ў пясочніцы, гэта дыскрымінацыйны падыход. Але выгадаваць дзіця, у якога беларуская мова першая і асноўная, цалкам рэальна», — кажа Вольга.
Галоўнае, на думку Вольгі, — бацькі мусяць размаўляць паўсюль па-беларуску.
«Калі мы гадавалі сына, быў толькі канал „Умачка“ (расейскамоўны канал на YouTube для дзяцей. — РС). Былі кніжкі, карткі, якія я сама зрабіла, нейкія магніты, календары, любы друкаваны кантэнт па-беларуску. Нават калі дзіця яшчэ не пачало гаварыць, усё адно размаўляйце з ім па-беларуску. Можна прасіць не размаўляць з дзіцём па-расейску, але гэта залежыць ад вашых стасункаў са сваякамі, у нас не заўсёды атрымлівалася».
Да гадоў 3-4 сын Вольгі не разумеў, на якой мове паказваюць мульцікі, таму ён глядзеў іх па-ангельску.
«Ён проста сачыў за малюнкамі, а потым пачаў разумець, што вось ён глядзіць у бабулі гэты ж мульт „Шчанячы патруль“ па-расейску, ён яго разумее, хаця мы паўсюль стараліся гаварыць толькі па-беларуску, а дома мама ўключае той жа мульт і ён яго не разумее. Мы былі вельмі шчасьлівыя, калі зьявіўся „Гаварун“ . Цяпер ёсьць яшчэ і „Бэйбус“ , дзе цудоўныя калыханкі „Вясёлы садок“. Ёсьць часопіс і ютуб-канал „Жэўжык“ для самых маленькіх. Ёсьць „Казкі з Маляванычам“».
Калі дзіцяці не хапае беларускамоўных мульцікаў, то сям’я ўключае на ўкраінскай.
«У старэйшым я бачу добры прыклад. Ён і па-беларуску добра гаворыць, і па-ўкраінску можа з украінцамі, і польская яму даволі лёгка даецца».
Вельмі важнае для дзіцяці і беларускамоўнае атачэньне, аднагодкі.
«Тут трэба быць больш упартымі, адмыслова ладзіць знаёмствы з бацькамі і спрабаваць ствараць гэты асяродак самастойна. Нам пашанцавала, бо ў садку ўжо сфармавалася група беларускамоўных дзяцей, якія далей хадзілі разам і ў басэйн, і на лепку, і на маляваньне, і скаладром, і танцы — усё гэта ў Менску па-беларуску ёсьць нават цяпер. Калі гэтага няма, то варта пытаць, што трэба зрабіць, каб было па-беларуску. Гэта абсалютна працоўны варыянт. Так у нас атрымаліся басэйн і футбол», — раіць Вольга.
У Facebook ёсьць адмысловая група «Дзеткі-Кветкі», дзе можна адшукаць беларускамоўныя імпрэзы і зьмест, пазнаёміцца з новымі людзьмі-аднадумцамі.
«Паўсюль, дзе вы ходзіце з дзіцём, вы мусіце быць беларускамоўным. Гэта крута. Па-першае, вы ня хлусіце дзіцяці. Па-другое, вы распаўсюджваеце беларускую мову. Ня бойцеся агрэсіі. Яна можа быць, але загадзя прадумайце сваю рэакцыю. У нашым жыцьці такога не здаралася».
Сама Вольга пачала размаўляць па-беларуску асэнсавана ў 2007 годзе. Жанчына раіць чытаць больш літаратуры і глядзець зь дзіцём мульцікі і праграмы на беларускай мове.
«Вы ня зможаце навучыць дзіця, калі вам самім ня будзе прыемна і файна гаварыць па-беларуску. Нягледзячы на ўсю гэтую сытуацыю, больш людзей пачалі адчуваць каштоўнасьць мовы. Значыць, тыя, хто і дагэтуль гаварыў па-беларуску, мусяць прыязна ставіцца і дапамагаць пачаткоўцам. А тым, хто вучыцца, трэба не баяцца рабіць памылкі. Лепш вы памыліцеся, але будзеце размаўляць», — кажа Вольга.
Таксама жанчына раіць наведаць школьныя онлайн-заняткі беларускай школы ў Варшаве.
«Ёсьць праграма „Вусы Скарыны“ пра гісторыю. Проста паглядзіце хаця б 3 выпускі, і вы зразумееце, што ня толькі няма чаго саромецца беларускай мовы, а вы мусіце ёю гаварыць, бо гэта мова вельмі годнага народу і вельмі годных людзей. Тым, хто баіцца пачаць гаварыць, я б прапісала „Вусы Скарыны“ разам з дзецьмі. Цяпер мой сын пераключаецца на расейскую хутка, але гэта нармальна, бо ты паводле законаў ветлівасьці размаўляеш на той мове, на якой камфортна суразмоўцу. Аднак беларусы мусяць пры гэтым яшчэ і пра сябе не забываць», — кажа Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі на Свабодзе: «Ніколі не ўспрымаў тое, што чуў часам пра беларускую мову: грубая, немілагучная, неразьвітая. Ды поўная лухта!»«Калі мы не ўжываем беларускую мову, то не да канца ўсьведамляем, хто мы ёсьць»
Сыну Кацярыны Кучук хутка споўніцца 8 год. Сям’я выхоўвала малога ад нараджэньня па-беларуску. Нядаўна пераехалі ў Польшчу.
«Мы не змаглі знайсьці беларускамоўны садок у сваім раёне ў Менску. Мы пыталіся, але там было ўсё фармальна, пара заняткаў беларускаю моваю на тыдзень, і то за грошы. Беларускамоўных ясьляў не знайшлі нават у беларускамоўным садку, таму пайшлі ў расейскамоўныя каля дому. А праз год перавялі малога ў 314-ы беларускамоўны садок, куды ён і хадзіў да самага ад’езду», — кажа Кацярына.
У садку склалася суполка бацькоў, дзе ўсе адно аднаму дапамагалі і разам шукалі беларускамоўныя пазаклясныя заняткі.
«Мы хадзілі на беларускамоўныя шахматы, футбол, басэйн у „Фрыстайле“. Як прыехалі, сын пайшоў у польскую школу, у „нулёўку“, таму польскую мову ён хуценька схапіў. Але мы спрабуем вадзіць яго ў розныя месцы, каб ён і па-беларуску стасаваўся, каб было і акрамя сям’і беларускамоўнае асяродзьдзе», — тлумачыць Кацярына.
Кацярына раіць чытаць і слухаць беларускамоўныя кнігі на «Кніжным возе».
«Трэба імкнуцца хадзіць на гурткі, заняткі, дзе ёсьць беларуская мова, шукаць людзей, якія таксама размаўляюць па-беларуску. У нас у Беларусі была суполка бацькоў, яны групаваліся, былі сустрэчы міжсобку, і склалася асяродзьдзе, дзе можна сябраваць, падтрымліваць адно аднаго».
Кацярына лічыць, што моўнае пытаньне для любога чалавека мусіць быць першасным. Менавіта таму вельмі важна пачынаць размаўляць на беларускай мове ў сям’і.
«Калі мы не ўжываем беларускую мову, то не да канца ўсьведамляем, хто мы ёсьць. Вельмі добры прыклад Польшчы. Ты бяз польскай мовы ня можаш нічога ў краме купіць, ня кажучы пра тое, калі хочаш прасунуцца вышэй у сваёй прафэсіі. То бок польская мова — гэта не „дадаткова“, бяз гэтага проста ня можа быць нічога. І я лічу, што гэта нармальна. Калі мы кажам, што мы дзяржава, народ, краіна, то цалкам лягічна, што людзі гавораць на сваёй мове».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст Ігар Случак выдаў кнігу «10 стагодзьдзяў дзяржаўнасьці і дыскрымінацыі беларускай мовы»