У Літве пасьля Латвіі спыняюць трансьляцыю расейскага тэлеканалу «Дождь»

Тэлеканал «Дождь»

Праблемы ў апазыцыйнага расейскага тэлеканалу, які перадаваў з Латвіі, пачаліся пасьля выступу вядоўцы каналу ў жывым эфіры, расцэненага як падтрымка расейскай арміі, што ваюе супраць Украіны.

У Літве з 8 сьнежня будзе спыненая трансьляцыя тэлеканалу «Дождь». Пра гэта піша Delfi з спасылкай на Літоўскую камісію радыё і тэлевізіі (LRTK).

Прычынай стала ануляваньне ўладамі Латвіі ліцэнзіі тэлеканалу «Дождь». Латвійскі дазвол на трансьляцыю даваў каналу права распаўсюджваць створаны ім зьмест у дзяржавах ЭЗ, Расеі, ЗША і іншых краінах. Ліцэнзію ў Латвіі каналу далі пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, 6 чэрвеня. Тады тэлеканал ужо ня мог перадаваць з Расеі.

Ён быў уключаны ў сьпіс праграмаў, якія рэтрансьлююцца трансьлятарамі з Латвіі. Пасьля ануляваньня ліцэнзіі «Дождь» з 8 сьнежня ня будзе даступны і ў Літве, — паведаміла камісія.

6 сьнежня стала вядома, што Нацыянальная рада электронных СМІ Латвіі (NEPLP) прыняла рашэньне ануляваць ліцэнзію на трансьляцыю тэлеканалу «Дождь», піша Delfi.

«Ацэньваючы сукупнасьць парушэньняў, Рада перакананая, што кіраўніцтва „Дождя“ не разумее і не ўсьведамляе значнасьці і сур’ёзнасьці парушэньняў, таму ня можа дзейнічаць на тэрыторыі Латвіі», — сказаў кіраўнік рады Іварс Абаліньш.

Абаліньш адзначыў, што Латвія дазволіла працу на сваёй тэрыторыі шэрагу расейскіх незалежных журналістаў, а ліцэнзію забралі ў таго СМІ, якое парушыла закон.

У ноч на 8 сьнежня расейскі канал канчаткова прыпыніць трансьляцыю ў латвійскіх кабэльных сетках.

Вядоўца тэлеканалу Анна Мангайт пракамэнтавала рашэньне латвійскіх уладаў, абвінаваціўшы «гэйтэраў».

«Латвія пазбавіла „Дождь“ ліцэнзіі. Мы працягваем працаваць, застаемся ў ютубе, але страчваем частку кабэльных сетак. Мы ўмеем праходзіць складанасьці эпічнага маштабу і ня лічым нашу місію выкананай. Але я хацела б сказаць, што ў тым, што адбываецца, ёсьць доля ўдзелу кожнага гэйтэра, які таптаўся ў гэтыя дні на „Дожде“, абвінавачваючы нас у злачынстве, якога мы не рабілі».

На мінулым тыдні расейскі апазыцыйны тэлеканал, які пасьля вайны пераехаў у Латвію, трапіў у скандал: у жывым эфіры вядоўца Аляксей Карасьцялёў занепакоіўся, ці камфортна расейскім вайскоўцам ваяваць ва Ўкраіне. Кіраўніцтва каналу заявіла, што журналіста «няправільна зразумелі», і Карасьцялёва звольнілі.

Раней у эфіры каналу зьяўлялася карта, дзе Крым быў пазначаны як частка Расеі. Гэта таксама было парушэньнем заканадаўства Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служба бясьпекі Латвіі прапанавала ўнесьці экс-журналіста «Дождя» Карасьцялёва ў «чорны сьпіс МУС». Яму могуць забараніць уезд у краіну