Апазыцыйнага расейскага палітыка Ільлю Яшына абвінавацілі паводле п. «д» ч. 2 арт. 207.3 КК РФ (Распаўсюд загадзя лжывай інфармацыі аб выкарыстаньні ўзброеных сіл па матывах палітычнай нянавісьці) і прысудзілі яму 8,5 года зьняволеньня, паведаміў у сваім тэлеграм-канале журналіст Васіль Палонскі.
Таксама Яшыну ў якасьці дадатковага пакараньня забаранілі адміністраваць сайты, паколькі гэта зьвязана са зьдзяйсьненьнем злачынства, паведаміў Палонскі.
8 гадоў і 6 месяцаў зьняволеньня — тэрмін, блізкі да максымальна магчымага пакараньня ў гэтым артыкуле, прадугледжаным Крымінальным кодэксам (10 гадоў пазбаўленьня волі). На гэты момант у Расеі самы жорсткі прысуд паводле гэтага артыкулу быў вынесены былому калегу Яшына па Краснасельскай радзе дэпутатаў Масквы Аляксею Горынаву — 7 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі вынесьлі вырак дэпутату ў справе аб «фэйках» пра вайну з Украінай: 7 гадоў калёнііНагодай для крымінальнага перасьледу Яшына стаў стрым у YouТube, у якім палітык гаварыў пра забойствы ў Бучы і, у прыватнасьці, крытычна ацэньваў аргумэнты расейскага боку, які сьцьвярджаў, што расейскія вайскоўцы да іх недатычныя.
Па афіцыйных дадзеных украінскіх уладаў, шматлікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, а таксама міжнародных арганізацый, такіх як ААН і АБСЭ, у Бучы за час расейскай акупацыі загінулі сотні мірных жыхароў, ёсць задакумэнтаваныя выпадкі гібелі жыхароў гораду ад рук расейскіх вайскоўцаў. Масква, аднак, гэта адмаўляе, прадстаўнікі расейскіх уладаў гавораць пра пастаноўку ці пра тое, што жыхароў Бучы забілі ўкраінскія вайскоўцы.
Як паведамляе расейскае выданьне «Медиазона», пракурор падчас паседжаньня, на якім разглядалася справа Яшына, заявіў, што міжнародныя даклады — аднабаковыя і перадузятыя высновы ад краін, якія ўваходзяць у такія «недружалюбныя аб’яднаньні», як NATO і Эўразьвяз, якія, паводле абвінаваўцы, «маўчалі ў анучку» падчас канфліктаў у Лібіі і Сырыі, а таксама «пакрывалі нацысцкага злачынца Сьцяпана Бандэру».
Яшын віны не прызнаў, гэтую пазыцыю пацьвердзіла ў сваім выступе і ягоная адвакатка Марыя Эйсмант, паведамляе расейская служба Радыё Свабода. Яна, акрамя іншага, зазначыла тое, што расьсьледаваньне падзей у Бучы працягваецца і няма ніякіх дакладных зьвестак аб тым, што вэрсія Мінабароны Расеі зьяўляецца дакладнай.
У сваім апошнім слове Яшын, сярод іншага, заклікаў Пуціна прызнаць свае памылкі і спыніць вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі прайшлі акцыі пратэсту ў абарону Аляксея Навальнага, затрымалі больш за 4000 чалавек- Ілью Яшына, былога кіраўніка Савета дэпутатаў Краснасельскай акругі Масквы, паплечніка Барыса Нямцова і Аляксея Навальнага, затрымалі ў канцы чэрвеня ў адміністрацыйнай справе. Пасьля адбыцьця арышту палітыка затрымалі паўторна, але ўжо па крымінальным артыкуле. Зь ліпеня ён знаходзіўся ў маскоўскім СІЗА «Бутырка», пазней яго перавялі ў СІЗА № 4 у Мядзьведкава, якое арыштанты называюць «Медведь».
- Яшын — адзін зь нямногіх расейскіх апазыцыйных палітыкаў, якія не зьехалі з Расеі пасьля пачатку расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.
- Праваабарончы праект «Поддержка политзаключённых. Мемориал» прызнаў Яшына палітычным зьняволеным.