Газэта «Белорусы и рынок» прыпыніла выхад

Заснаваная 32 гады таму недзяржаўная газэта «Белорусы и рынок» прыпыняе выхад.

Як паведамляе BPN, выданьня няма ў каталёгу «Белпошты» на першую палову 2023 году. У гэты пэрыяд ня будзе як друкаванай, так і электроннай pdf-вэрсіі газэты. Ня выключана, што выпуск адновіцца ў другім паўгодзьдзі.

Штомесячнік «Белорусы и рынок» здолеў захавацца пасьля масавых рэпрэсій супраць недзяржаўных СМІ, аднак, паводле зьвестак BPN, адчуваў сур’ёзныя фінансавыя цяжкасьці.

18 траўня сёлета КДБ затрымаў дырэктара газэты Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгальтара Юлію Кахно. Александровіча і Кахно ў той самы дзень адпусьцілі, Залатых па-ранейшаму трымаюць у СІЗА з абвінавачаньнем у «распальваньні варожасьці» (арт. 130 Крымінальнага кодэксу), ён прызнаны палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм заблякаваў доступ да сайту газэты «Беларусы і рынак» за гіпэрспасылкі

23 ліпеня доступ да сайту газэты ў Беларусі быў заблякаваны Міністэрствам інфармацыі «з прычыны распаўсюджваньня на сайце выданьня гіпэрспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі». Сайт даступны за межамі краіны, аднак на ім абнаўляецца толькі разьдзел навін.

Газэта «Белорусы и рынок» заснаваная ў сьнежні 1990 году як штотыднёвік «Белорусский рынок». Цяперашнюю назву атрымала ў верасьні 2005 году пасьля ўказу Аляксандра Лукашэнкі «Аб дадатковых мерах для ўпарадкаваньня выкарыстаньня словаў „нацыянальны“ і „беларускі“». Апошнія два гады выходзіла як штомесячнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да затрыманага дырэктара газэты «Беларусы і рынак» амаль тыдзень не пускаюць адваката