Глядзіце размову на відэа цалкам
«Быў мой унёсак у гучаньне гімну „Пагоня“»
— Беларускіх музыкаў пасьля жніўня 2020 году раскідала па сьвеце, іх жыцьцё няпростае, трэба ня толькі працягваць выступаць, але і выжываць. Якімі былі твае гэтыя гады?
— Гэта быў працяг той Беларусі, якая пачалася даўно-даўно ў Беларусі. І яна працягваецца, дзе б я ні быў. Я ствараю сваю Беларусь — і праекты, і сьпеўныя сходы, і розныя падзеі. Працягваю ствараць тое, што і раней, у нечым нават больш, бо зьявілася шмат магчымасьцяў. І ня трэба пытаць у ідэолягаў і браць дазвол на сваю дзейнасьць.
— У жніўні і верасьні 2020-га ты быў у Менску, разам з табой на мірных маршах сьпявалі тысячы беларусаў. Ці можна было назваць тую беларускую рэвалюцыю ня толькі мірнай, але і сьпеўнай?
— Быў такі мой унёсак у гучаньне гімну «Пагоня». Ён гучаў па-рознаму. Я браў актыўны ўдзел ва ўсім, што зьвязана з супольнымі сьпевамі. Сьпеўныя сходы адбываліся каля Купалаўскага тэатру, былі розныя прэзэнтацыі сьпеўнікаў. Адчуваў узьнёслы рух — здавалася, што песьню не спыніць. Спадзяюся, што і зараз яна будзе гучаць і яшчэ больш напаўняцца.
«Амэрыка — гэта свая Беларусь з рознымі рэгіёнамі»
— Якім быў твой год у ЗША?
— Розны. Ад цяжкай працы да культурніцкіх падзеяў. Былі цікавыя, узьнёслыя імпрэзы ў беларускіх суполках у розных штатах — ад Каліфорніі да Мінэсоты. Каляды, Купальле, канцэрты, знаёмства зь беларускай грамадой. У мяне зьявілася шмат сяброў, асабліва ў Мінэсоце. Там сябры, зь якімі мы пачалі ладзіць мужчынскія сьпевы. Амэрыка — гэта свая Беларусь з рознымі рэгіёнамі. Можна вандраваць, людзі там вельмі розныя. Цешуся, што падтрымка і актыўнасьць дыяспары павялічылася ў разы ў параўнаньні з 2015-2018 гадамі.
— Якой была цяжкая праца?
— Гэта быў мой выбар. Не таму, што мне не было на што жыць. Захацелася папрацаваць менавіта рукамі. Музыка — гэта ня нейкая зорка ў нябёсах. Я захацеў зразумець, як у руках дрыль трымаць, які кіраваць аўтамабілем. У ЗША час выстраены такім чынам, што ўся культурная дзейнасьць, культурнае жыцьцё найчасьцей адбываецца ў пятніцу-суботу, магчыма, у нядзелю. А астатнія будныя дні трэба працаваць. Я працаваў з панядзелка па чацьвер на іншых працах, а ў пятніцу-суботу даваў канцэрты ці ладзіў імпрэзы. Цяпер я вярнуўся ў Эўропу.
«Калі 500 чалавек на Сьпеўным сходзе сьпявала „Пагоню“, гэта было моцна»
— Калісьці ў інтэрвію ты казаў, што практычна кожнага чалавека можаш пераканаць сьпяваць. Ці сапраўды кожнага? Ці бывала так, што не ўдавалася?
— Заўсёды. Са сьпеўных сходаў так пачыналася. Я казаў, што сьпяваць можа кожны. Кожны, хто прыйшоў. Вы можаце саромецца, але я ўпэўнены, што празь нейкі час вы будзеце сьпяваць. У гэтым сутнасьць супольных сьпеваў, сьпеўнай тэрапіі. Калі сьпяваюць 50, 100, 200 ці 500 чалавек, гэта вельмі моцны эфэкт. Я бачу, як мяняюца людзі, іх унутраны стан, тонус. У нас ёсьць дом творцаў у Варшаве. Гэта рэзыдэнццыя для тых, хто толькі вызваліўся з турмаў Беларусі. Мы дапамагаем рэабілітавацца. Вечарамі сьпяваем разам. Гэта такая сьпеўная тэрапія. Часам ня ўсе хочуць ісьці да псыхоляга, і тады працуе ўтульная цёплая атмасфэра — мы сядаем за стол, робім вячэру і пачынаем сьпяваць. І песьня нас ратуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прачынаюся а 7-й раніцы і „бамблю“ праекты». Сьпявак Сяржук Доўгушаў пра жыцьцё за мяжой і творчасьць.— Якіх людзей у Беларусі ты ніколі б не запрасіў на сьпеўны сход, ніколі не пачаў бы пераконваць разам сьпяваць?
— Прыходзілі на Сьпеўныя сходы розныя людзі. Падчас першага сьпеўнага сходу ў 2017 ці 2018 годзе мы сьпявалі песьні пачатку ХХ стагодзьдзя — «Пагоню», «Магутны Божа», Ваяцкі марш. Да нас прыйшлі людзі ў форме і папрасілі паказаць тэксты песень. Мы паказалі. Потым я назіраў, што яны прыходзілі і нават быццам некаторыя і сьпявалі. Дзесьці стаяць далёка, тэксты правяраюць. Мне хацелася заўсёды выклікаць на сцэну і прапанаваць сольны сьпеў... Калі 500 чалавек на Сьпеўным сходзе сьпявалі «Пагоню», гэта было моцна.
— А з тымі, хто цяпер выносіць прысуды, хто катуе ў турмах — іх шмат такіх у Беларусі — ці штосьці празь сьпевы можна рабіць?
— Пра такіх і казаць не хачу. Абурае вельмі моцна, што здарылася пасьля іхных прысудаў, што яны працягваюць рабіць у турмах, як зьдзекуюцца з нашых людзей. Тут сапраўды не да сьпеваў. Ёсьць спадзяваньні, што будзе суд над такімі людзьмі. Трэба расплачвацца за тое, што зрабілі, — у гэтым ці іншым сьвеце.
«Новая Беларусь ужо існуе»
— Як ты глядзіш на тое, што цяпер адбываецца зь Беларусьсю, беларусамі, беларускай культурай? Дзе мы, што мы, якія ў нас шанцы на вольную Беларусь?
— Я назіраю, што адбываецца па-за межамі Беларусі. Гэта таксама гістарычны этап. Я ня раз казаў, што ня трэба чакаць, што будзе, што прыйдзе Новая Беларусь. Заўсёды кажу, што Новая Беларусь ужо існуе, што культура разьвіваецца тут і цяпер, дзе б мы ні былі — у Грузіі, у Польшчы, у Літве, у Чэхіі. Пішуцца кнігі, зьяўляюцца мастацкія творы, кампазытары пішуць опэры. Гэта ёсьць працяг Беларусі. І гэта вернецца, яно ўжо зараз знаходзіцца ў Беларусі.
— Пачаў гаварыць пра творчую рэзыдэнцыю ў Варшаве...
— Наша рэзыдэнцыя, дом творцаў, існуе ўжо год. Было чатыры рэзыдэнцыі. Тэатральная, у якой былі рэжысэры і драматургі. Потым была музычная рэзыдэнцыя (кіраўніцай была кампазытарка Вольга Падгайская), дзе напісаныя опэра і містэрыя. Потым была мастацкая рэзыдэнцыя, вынікам якой стала супольная польска-беларуская выстава. Была фальклёрная рэзыдэнцыя.
Мы бачым, колькі людзей выходзяць з турмаў, у тым ліку вельмі шмат творчых людзей. Мы абвясьцілі збор складак на ўтрыманьне гэтага дому, каб мы маглі прымаць былых палітвязьняў, ствараць утульныя ўмовы ў гэтым доме. Цяпер там жывуць 10 чалавек. Гэта ўсё творцы. Ёсьць мастакі, якія нядаўна вызваліліся, ёсьць проста цікавыя таленавітыя людзі. Я думаю, што вельмі важна падтрымаць людзей, якія выйшлі з турмы.
Тут можна пакінуць данат на падтрымку дома творцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кірчук, Ляўчук і Доўгушаў прэзэнтавалі фальклёрную алюзію на падзеі жніўня-2020. ВІДЭА«Часам людзям ня хочацца нават узгадваць песьні, якія гучалі ў 2020 годзе»
— Якім чынам і якія песьні ўзьдзейнічаюць на палітвязьняў? Што лепш сьпяваць, каб акрыяць і супакоіцца?
— Часам людзям ня хочацца вяртацца ў тое, што было, нават узгадваць песьні, якія гучалі ў 2020 годзе. Гэта трыгер у той час, унутрана гэта вельмі цяжка. Таму мы сьпяваем нейкія новыя ці традыцыйныя народныя песьні. Сьпяваем і бяседныя, вельмі простыя песьні — за сталом. Можна на голас ці на два галасы. Калі адбываюцца сямейныя бяседы, зьбіраецца ўся радзіна на вячэру, хтосьці засьпявае адну песьню, а астатнія далучаюцца. Нават калі словаў ня ведалі, падпявалі адзін куплет ці прыпеў, які паўтараецца. Таму тут важны настрой. Любыя нашы народныя песьні вельмі добра пасуюць для сьпеўнай тэрапіі.
— Мы размаўляем у канцы страшнага году. Чаго чакаеш ад новага году?
— Я аптыміст. Пасьля цемры будзе сьвятло. Часам вельмі напружаны быў год, часам усё было перакрэсьлена. І гэта працягваецца. Але 2023 год прынясе новае выйсьце. Я адчуваю нават па сваіх будучых праектах, што будзе новы пэрыяд, новы этап. Я хацеў бы пажадаць усім — украінцам, беларусам — сапраўды незалежнасьці, сапраўды свабоды, хутчэйшага спыненьня вайны і зьдзекаў зь людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў грузчыкам, пасьля зьбіраў мэблю, зараз кіроўца Uber». Музыка Сяржук Доўгушаў пра жыцьцё і працу ў Амэрыцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму музыка Сяргей Доўгушаў супраць «украінізацыі» беларускага Палесься ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяржук Доўгушаў: Песьня гучыць, і яе не спыніць, яна — як сьцяг