Фэстываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA анансаваў конкурс рукапісаў на беларускай мове «Шуфлядка»

На адной з папярэдніх імпрэз Фэстывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Менск, 2019

Мэта конкурсу — падтрымаць аўтараў, падвысіць іх цікавасьць і цікавасьць чытачоў да масавых жанраў, паспрыяць публікаваньню рукапісаў, а ў далейшым — зьяўленьню новых кніг.

Фэстываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA запускае конкурс рукапісаў «Шуфлядка» для маладых і ўжо спрактыкаваных аўтараў.

«Ніякіх абмежаваньняў ва ўзросьце, гендары, месцы пражываньня аўтараў няма; але рукапіс мусіць быць пададзены на беларускай мове. (Так, гэта азначае, што можна падаць свой арыгінальны твор у перакладзе на беларускую). Прыз пераможцам у намінацыях: дапамога ў выданьні кнігі праз выдавецтва», — расказваюць пра новую ініцыятыву арганізатары фэстывалю.

Мэта конкурсу — падтрымаць аўтараў (як пачаткоўцаў, так і тых, хто піша даўно), падвысіць цікавасьць чытачоў і аўтараў да масавых жанраў, ды пасадзейнічаць публікацыі рукапісаў і зьяўленьню новых кніг.

Конкурс адбудзецца ў трох намінацыях:

  • дзіцячая і падлеткавая літаратура;
  • нон-фікшан, гістарычная і дакумэнтальная проза;
  • масавыя жанры — дэтэктыў, фэнтэзі, фантастыка, прыгоды.

Збор заявак абвешчаны на студзень-люты 2023 году.

Наступныя этапы «Шуфлядкі»: у сакавіку — абвяшчэньне доўгага сьпісу ўдзельнікаў, у красавіку — кароткага спісу; вызначэньне ляўрэатаў — травень. Сачыць за навінамі новай ініцыятывы можна ў сацсетках PRADMOVA.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заўсёды буду спрачацца з тымі, хто скажа, што ў Беларусі не засталося нічога жывога», — старшыня Беларускага ПЭНа ​​​​​​​Тацяна Нядбай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярын Квяткоўскі пра фэстываль «Прадмова»: «Трэба гаварыць пра вайну, пра Пуціна, але найперш трэба дбаць пра сваё»