ЗША мадыфікавалі ўстаноўкі HIMARS, каб ня даць Украіне запусьціць ракеты па Расеі

Удар HIMARS, 5 лістапада 2022

Экспэрты спрачаюцца, ці будуць ракеты далёкага радыюсу дзеяньня для Ўкраіны стрымліваць Пуціна альбо пашыраць вайну.

ЗША таемна мадыфікавалі ўдасканаленыя ракетныя пускавыя ўстаноўкі HIMARS, якія перадалі Ўкраіне, каб яны не маглі выкарыстоўвацца для абстрэлу Расеі, заявілі амэрыканскія чыноўнікі, піша The Wall Street Journal. Адміністрацыя Джо Байдэна лічыць гэта мерай засьцярогі, каб зьнізіць рызыку больш шырокай вайны з Масквой.

З чэрвеня ЗША паставілі ўкраінскім узброеным сілам 20 установак і вялікі запас ракет са спадарожнікавым навядзеньнем з далёкасьцю палёту амаль у 50 міляў. Гэтыя ракеты, вядомыя як кіраваная рэактыўная сыстэма залпавага агню (GMLRS), былі выкарыстаныя для ўдараў па расейскіх складах боепрыпасаў, матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні і камандных цэнтрах на тэрыторыі Ўкраіны. Афіцыйныя асобы ЗША кажуць, што Пэнтагон зьмяніў пускавыя ўстаноўкі, каб яны не маглі запускаць ракеты далёкага радыюсу дзеяньня, у тым ліку ракеты ATACMS, якія маюць радыюс дзеяньня амаль 200 міль.

У Белым доме і ва Ўзброеных сілах Украіны адмовіліся камэнтаваць гэтую інфармацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча хоча зрабіць сваю армію самай моцнай у Эўропе. Разьбіраемся, што гэта значыць

З таго часу, як Расея кінула сілы для ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым, ЗША паступова пашырылі тыпы ўзбраеньняў, якія былі гатовыя даць Кіеву, акрамя супрацьтанкавых ракет Javelin, якія Ўкраіна ўпершыню атрымала ад адміністрацыі Дональда Трампа.

Палітыка адміністрацыі Байдэна і Пэнтагону, накіраваная на мінімізацыю рызык удару Ўкраіны па тэрыторыі Расеі, падабаецца ня ўсім. Андэрс Фог Расмусэн, былы прэм’ер-міністар Даніі, які займаў пасаду генэральнага сакратара NATO з 2009-га па 2014 год, лічыць, што такая асьцярожнасьць Захаду, наадварот, разьвязвае Пуціну рукі. Па ягоных словах, адмовіўшы Ўкраіне ў ракетах далёкага радыюсу дзеяньня і пускавых устаноўках, якія могуць іх запускаць, Захад, па сутнасьці, даў Расеі магчымасьць абстрэльваць Украіну крылатымі і балістычнымі ракетамі з Крыму, а таксама зьдзяйсьняць атакі бесьпілётнікаў бяз страху, што Кіеў можа ўдарыць у адказ.

«З 10 кастрычніка Пуцін зьмяніў стратэгію. Ён паскорыў вайну, нацэліўся на цывільную інфраструктуру, у тым ліку на энэргетычную сетку. Патэнцыйна мы зараз сутыкнуліся з гуманітарнай катастрофай ва Ўкраіне, і мы не адаптаваліся. Калі вы хочаце спыніць Пуціна, вы павінны стрымліваць, дастаўляючы, напрыклад, ракеты далёкага радыюсу дзеяньня», — дадаў Андэрс Фог Расмусэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня вайскова-прамысловага камітэту: Штогод у беларускае войска паступае да 20 новых відаў айчыннага ўзбраеньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн выказаў гатоўнасьць весьці перамовы з Пуціным, калі той захоча скончыць вайну ва Ўкраіне

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.