Упершыню я стала валянтэрыць, калі мне было гадоў 13. Разам зь іншымі падлеткамі мы ў нядзелю хадзілі ў прытулак, дзе жылі дзеці, якіх зусім нядаўна забралі ў бацькоў, і бавілі з імі час. Тады мне здавалася, што чым больш у краіне валянтэраў і валянтэрак, тым лепш разьвітае гэтае грамадзтва. Зрэшты, і цяпер лічу, што гатоўнасьць людзей дапамагаць – гэта вельмі важна. Але, так бы мовіць, ёсьць нюансы.
Памятаеце, як улетку 2020, яшчэ да выбараў, у Менску былі праблемы з вадой, і людзі з раёнаў, якім пашанцавала болей, проста развозілі ваду тым, у каго з кранаў лілося штосьці таксычнае? Было дужа радасна і прыемна, што вакол столькі неабыякавых людзей, але адначасова з гэтым у паветры павісла пытаньне, чаму дзяржава нават не спрабуе справіцца з праблемай. Добра памятаю, як разам з суседзямі паўдня прачакала на вуліцы, пакуль вадавозка зьезьдзіць па новую «порцыю» вады, але яна так ніколі да нас і не вярнулася.
А праз пару месяцаў, калі пасьля выбараў пачаліся масавыя пратэсты і беспрэцэдэнтны гвалт з боку дзяржавы, усё зноў і зноў трымалася на валянтэрах і валянтэрках. Пад Акрэсьціна было цэлае валянтэрскае мястэчка, дзе адны людзі дапамагалі афармляць перадачы, другія кармілі тых, хто выходзіў з ізалятару, трэція развозілі людзей па дамах, чацьвёртыя аказвалі псыхалягічную дапамогу, пятыя кансультавалі ў юрыдычных пытаньнях. Мы ўбачылі, як шмат вакол нас людзей, гатовых аддаваць час, грошы і сілы на дапамогу іншым, але ці можна сказаць, што гэта было радаснае адкрыцьцё?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні ліквідуюць пошукава-ратавальны атрад, які дапамагаў шукаць зьніклага ў Белавескай пушчы хлопчыкаЧалавек у крызіснай сытуацыі вымушаны мабілізавацца, каб мінімізаваць страты ці ўвогуле выжыць. Тое самае адбываецца з грамадзтвам. Валянтэрскі ўздым – амаль заўжды паказьнік таго, што ўсё дужа і дужа кепска. Бо інакш адкуль яму ўзяцца?
Зразумець, наколькі сытуацыя цяжкая, можна вельмі проста: трэба адказаць на пытаньне, што будзе, калі валянтэры раптам зьнікнуць. Якая імавернасьць таго, што дзяржава, нібыта сацыяльна арыентаваная, самастойна разьвяжа праблемы, якія цяпер разьвязваюць неабыякавыя людзі за свой кошт?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палепшыць жыцьцё ўцекачам? Для гэтага трэба прыбраць адсюль Чырвоны Крыж». Беларусы сем месяцаў валянтэраць на памежжы Ўкраіны і ПольшчыБезумоўна, гэта не выключна беларуская праблема. І, безумоўна, не заўсёды няздольнасьць дзяржаваў вырашаць праблемы сьведчыць пра абыякавасьць. Калі празь некалькі памежных пунктаў у Польшчу з Украіны за лічаныя дні праехаў мільён украінскіх уцякачак і ўцекачоў, было відавочна, што ніякія дзяржаўныя структуры ня справяцца з такой плыняй. Там без валянтэраў і валянтэрак было ніяк не абысьціся, але такая сытуацыя называецца форс-мажорам. Не спраўляцца ў форс-мажор – гэта нармальна.
І валянтэрства само па сабе – добрая для грамадзтва зьява. Няма нічога кепскага ў тым, каб людзі клапаціліся пра паляпшэньне сваіх супольнасьцяў і былі неабыякавымі. Больш за тое, валянтэрскія ініцыятывы могуць працаваць лепш за дзяржаўныя, бо яны проста больш гнуткія і абапіраюцца на патрэбы, якія ім трэба «закрыць», а не на бюджэт, справаздачы і іншую бюракратыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адна таблетка можа каштаваць 100 рублёў». Як аматары свойскіх жывёлаў клапоцяцца пра іх падчас эканамічнага крызісуАле дзяржаве бывае вельмі зручна карыстацца неабыякавасьцю шараговых людзей і ігнараваць праблемы, бо валянтэркі і валянтэры ўсё вырашаць самі. Так можна адмаўляць у сучасных мэдыкамэнтах дзецям з рэдкімі генэтычнымі захворваньнямі і не прымаць закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Можна не рыхтаваць «спэцоў» у паліятыўнай мэдыцыне і паліятыўным даглядзе. Навошта напружвацца, калі і так знойдуцца людзі, якія возьмуць усё на сябе?
Яны і праўда знаходзяцца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.