Урад Украіны ўхваліў рашэньне аб прыпыненьні дзеяньня міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі, падпісанага ў чэрвені 2001 году ў Берасьці.
Урад Украіны таксама адмовіўся ад супрацы зь Беларусьсю ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах і зьвярнуўся ў парлямэнт па спыненьне дзеяньня пагадненьня аб супрацы ў сфэры тэхнічнай абароны інфармацыі і адпаведнага пратаколу да яго.
Міністэрства замежных спраў Украіны праінфармавала ўрад і іншыя міністэрствы аб спыненьні дзеяньня з 3 лістапада сямі пратаколаў аб супрацы між Дзяржаўным памежным камітэтам Беларусі і Дзяржаўнай памежнай службай Украіны.
Фактычна, згодна з гэтым паведамленьнем, памежныя структуры краін цалкам спынілі супрацу і ўзаемадзеяньне. Цяпер яны ня маюць асобнага каналу сувязі, спынена дзейнасьць прадстаўнічых груп, якія сустракаліся для вырашэньня тэрміновых праблемных пытаньняў.
Апроч таго, закрылі пункты спрошчанага пропуску грамадзян (так званы малы памежны рух), спынілі супрацу ў сфэры кіналёгіі і абмену інфармацыяй, а таксама між апэратыўнымі падразьдзяленьнямі памежных ведамстваў Беларусі і Ўкраіны.
Украіна таксама адмовілася ад рэалізацыі пілётнага кантактнага пункту «Жытомір — Пінск». Гэта было прадугледжана асобным пратаколам, падпісаным у сьнежні 2016 году ў Менску.
Гэта найбольшы перагляд Украінай міжнароднай прававой базы дачыненьняў зь Беларусьсю з пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны на ўкраінскай тэрыторыі. Беларускія ўлады падтрымалі расейскі напад на Ўкраіну, далі для гэтага сваю тэрыторыю і інфраструктуру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны назвалі прычыны разгортваньня войскаў РФ у БеларусіРаней Украіна спыніла дзеяньне або выйшла з амаль дзесяці пагадненьняў і дамоў:
- аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі. Урады Беларусі і Ўкраіны падпісалі гэты дакумэнт 14 сьнежня 1995 году ў Кіеве;
- аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
- аб суднаходзтве па ўнутраных водных шляхах, якое было падпісана ў Менску 5 лютага 1998 году;
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
- аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
- аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгій;
- аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
- міжведамаснага пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі.