Паліцыя Швэцыі не пацьвярджае і не камэнтуе паведамленьні аб забойстве чачэнскага апазыцыйнага блогера Тумса Абдурахманава – пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе ведамства на запыт рэдакцыі Каўказ.Рэаліі.
«Паліцэйскае ўпраўленьне Швэцыі ведае аб паведамленьнях СМІ аб забойстве чалавека, які пражывае ў Швэцыі. Паліцэйскае ўпраўленьне ня можа пацьвердзіць гэтыя паведамленьні СМІ або даць якія-небудзь дадатковыя камэнтарыі», – гаворыцца ў адказе супрацоўніка прэс-службы паліцыі Швэцыі Ірэн Сакалоў.
Раней аб забойстве крытыка Кадырава Абдурахманава паведаміў тэлеграм-канал 1ADAT. Выданьне спасылаючыся на дадзеныя «інфарматараў з Эўропы і Чачэніі», напісала, што «Тумсо быў расстраляны ноччу групай асоб, і на гэты момант высьвятляюцца дэталі забойства». У 1ADAT. не прывялі іншых падрабязнасьцяў, але адзначылі, што спэцслужбы схавалі брата Абдурахманава.
Тумсо Абдурахманаў перастаў выходзіць на сувязь у першых днях сьнежня. Пра гэта паведаміла чачэнская праваабарончая асацыяцыя «Вайфонд», якая знаходзіцца ў Швэцыі. Ужо тады зьявіліся паведамленьні, што блогера маглі забіць, але на той момант гэта не пацьвердзілася.
Тумсо Абдурахманаў зьехаў з Чачэніі ў 2015 годзе пасьля канфлікту з тагачасным кіраўніком адміністрацыі ўраду Чачэніі Ісламам Кадыравым. Абдурахманаў не прапусьціў ягоны картэж і быў спынены. Чыноўнік паглядзеў тэлефон Тумсо і нібыта знайшоў у ім экстрэмісцкія матэрыялы. Пасьля гэтага, па словах Абдурахманава, яго неаднаразова сілком утрымлівалі ў доме Іслама Кадырава і пагражалі. Абдурахманаў спрабаваў атрымаць прытулак у Грузіі і Польшчы, але ў абодвух выпадках яму адмовілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рамзан Кадыраў паведаміў, што атрымаў званьне генэрал-палкоўнікаУ сакавіку 2019 году сьпікер чачэнскага парлямэнту Магамед Даудаў па мянушцы Лорд абвясьціў блогеру крэўную помсту і паабяцаў знайсьці яго. Да гэтага Абдурахманаў задаваўся пытаньнем, чаму Ахмат Кадыраў у свой час заклікаў да вайны з Расеяй.
«Калі ён быў муфціем, ён заклікаў да джыхаду супраць [Расеі], а ў пачатку другой вайны ён быў нікім — ён быў здраднікам чачэнскага народу. Я пагарджаю памяцьцю Ахмата-хаджы Кадырава. Гэта маё права», — заявіў блогер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў назваў вайну ва Ўкраіне джыгадам